З розных месцаў Віцебскай вобласьці даходзяць весткі, што дзяржаўныя прадпрыемствы сельскай гаспадаркі моцна затрымліваюць выплату заробкаў. На двары канец лютага, а многія гаспадаркі не разьлічыліся з работнікамі яшчэ за лістапад. Самі заробкі моцна ўпалі, іх часткова выдаюць прадуктамі або чэкамі на набыцьцё тавараў у сетцы Белкаапсаюзу.
Праз сацыяльныя сеткі мы сабралі сьведчаньні пра нявыплату заробкаў у больш як дзясятку гаспадарак у Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах. Весткі пра затрымку заробкаў і іх выплату прадуктамі даходзілі і зь Мёрскага раёну, і з Шаркоўшчынскага, і з Браслаўскага. Выглядае, што такая сытуацыя склалася ў большасьці аграпрадпрыемстваў Паазер’я і закранула дзясяткі тысяч людзей.
Людзі ў правінцыі застрашаныя. Яны перакананыя, што кіраўніцтва будзе помсьціць, калі яны распавядуць пра сытуацыю журналістам або пачнуць дамагацца сваіх правоў. Хоць тысячы людзей не атрымліваюць грошай па некалькі месяцаў, шырокай грамадзкасьці гэта невядома.
Каб не падводзіць людзей пад удар мясцовай адміністрацыі і кіраўніцтва прадпрыемстваў, мы працытуем іх сьведчаньні, але ня будзем пісаць імёнаў.
«У ААТ “Залатая падкова” (вёска Бабічы [Глыбоцкі раён]) перад Новым годам кіраўніцтва атрымала па 500.000 рублёў, рабочыя – па 200.000 – 300.000».
«У КУГСП “Докшыцкі” [Крулеўшчына, Докшыцкі раён] нядаўна выплацілі 70% заробку за кастрычнік. Дырэктар кажа работнікам, што раён не дае грошай. Амаль у кожным калгасе такая сытуацыя».
«ААТ “Залатая падкова”. У даяркі заробак 700.000, выплачваюць 500.000. Апошні заробак я атрымала за лістапад. Электрычнасьці на працы няма [адключылі за нявыплату?]. Адносіны кіраўнікоў да падначаленых – жахлівыя».
«У ААТ “Сельцы” [Глыбоцкі раён] заробак складае 500.000 – 800.000 рублёў. На 200 тысяч выдаецца прадукцыяй».
У студзені ў сацыяльных сетках было апублікаванае фота разьліковага аркуша. Паводле таго, хто публікаваў, гэта – заробак супрацоўніка ААТ «Залатая падкова» за лістапад 2015 году. За працу, пагадзінна і зьдзельна, за стаж і за выходныя ды сьвяты налічана 696.294 рублёў. Але ў наступным радку чытаем: «Зьнята з-за адсутнасьці выручкі» – 283.955 рублёў. Яшчэ 4.413 рублі аднялі на іншыя патрэбы. «Да выдачы на рукі» засталося ўсяго 407.926 рублёў.
Савет Міністраў устанавіў памер мінімальнага заробку, калі работнік працуе поўны працоўны дзень, у 2015 годзе - 2.100.000 рублёў, з 1 студзеня 2016 – 2.300.000. Паводле заканадаўства, наймальнік ня мае права плаціць работніку меней, чымся мінімальны заробак.
«У СВК “Стрынадкі” [Глыбоцкі раён] ня выплацілі 70% заробку за ліпень і 100% за жнівень. Кожны месяц трэба выбіраць у магазыне Белкаапсаюзу тавары на 30% заробку. Нядаўна далі заробак за лістапад. На мясакамбінаце ў Глыбокім загадваюць выбіраць у крамах Белкаапсаюзу і ў краме прадпрыемства на 30% заробку. Калі ня выбраў гэтую суму, то даюць тушонку на рэшту сумы. Калі ласка, нідзе не сьвяціце маё імя».
«Сваякі жывуць у Стрынадках, Падсьвільскі сельсавет. Там таксама ня цалкам выдаюць заробак. Даюць па 20 працэнтаў. Далі “працэнты” за сьнежань і прадукцыю. І па 100.000 на магазын. За лета зусім “скруцілі” грошы… Спадзяюся, маё імя нідзе не ўсплыве».
«У ААТ “Глыбоцкі аграсэрвіс”, дзе я працую, на сёньняшні дзень ня выплачаны заробак за сьнежань. Працоўнае месца стала ўсяго толькі ўмоўнасьцю, за якую многія трымаюцца».
«У ААТ “Таргуны” [Докшыцкі раён] людзі чакаюць заробак за сьнежань. Я чуў, што ў іншых калгасах затрымкі большыя, ніж у нас».
«Сітцы [ААТ “АграСітцы”, Докшыцкі раён] – гэта нешта. За кастрычнік каму далі заробак, каму не далі, каму на краму пералічылі. Там нявыкрутка».
«Людзі ў роспачы. Бачыў, як плакалі жанчыны, бо грошай няма. На Новы год далі кожнаму па торце - і ўсё. Дырэктар сказаў: абыйдуцца бяз грошай. Бухгальтары напісалі заявы на звальненьне. Не падпісалі ім. Кіраўнік прыгразіў: хто звольніцца, не дазволяць нідзе больш уладкавацца», - піша яшчэ адзін жыхар вёскі Сітцы.
Нам паведамляюць таксама пра затрымкі заробкаў у КУГСП «За Радзіму» (Удзела, Глыбоцкі раён), ДП «Азярцы» (Глыбоцкі раён), філіяле «Прошкава» ААТ «Глыбоцкі райаграсэрвіс», ААТ «Барсучанка» (Докшыцкі раён) у гаспадарках Браслаўскага, Шаркоўшчынскага раёнаў.
21 студзеня на простую лінію намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Белавусава тэлефанаваў работнік фэрмы з Докшыцкага раёну і распавёў, што жыве без заробку з кастрычніка. Гэтаксама скардзілася, што не атрымала заробку за кастрычнік, работніца фэрмы, маці траіх дзяцей зь Мёрскага раёну.
Інфармацыйная агенцыя БЕЛТА паведаміла, што гэтыя пытаньні «ўзятыя на кантроль». «Мы ўсе добра разумеем, што бяз грошай людзі жыць ня могуць, таму гэтыя праблемы неабходна вырашаць апэратыўна», - казаў Белавусаў. Месяц мінуў, але сытуацыя з заробкамі ў аграпрадпрыемствах не зьмянілася.
«Ва ўсіх раёнах затрымкі, усе калгасы на каленях. То каўбасамі выдаюць, то на краму частку заробкаў перакідваюць. У выніку на рукі мізэр выходзіць, ды яшчэ і затрымліваюць. Ніякіх канцоў ня знойдзеш», - падсумоўвае адзін з нашых суразмоўцаў.
На просьбу распавесьці пра сытуацыю на камэру адна з нашых суразмоўцаў адказала: «Мне не патрэбныя праблемы. Я чула пра выпадак, калі ў СВК “Стрынадкі” жанчына патэлефанавала ў Віцебск [распавесьці пра нявыплату заробкаў], дык Морхат [старшыня Глыбоцкага райвыканкаму] быў разьюшаны на яе. Пагражалі нават дзяцей у яе адабраць. Мне такія праблемы не патрэбныя. Прабачце».
«Морхат той яшчэ “прыгажун”. На пытаньне, як жыць і як гадаваць дзяцей за такія заробкі, і пра нявыплату дапамогі на дзяцей, адказаў коратка: “Калі ня можаце выгадаваць дзяцей, аддавайце ў Станулі [прытулак для сірот], выгадуе дзяржава”», - кажа яшчэ адна наша суразмоўца.
Мы ня можам праверыць, ці сапраўды Алег Морхат сказаў такія словы. Але за некалькі год працы на пасадзе старшыні райвыканкаму ён заслужыў рэпутацыю чалавека, які рэзка гаворыць і сувора абыходзіцца з падначаленымі і жыхарамі раёну. Таму і ня дзіва, што большасьць нашых суразмоўцаў просяць, каб мы не называлі іх імёнаў.
Сельская гаспадарка – прэзыдэнцкія домікі ў аграгарадкох і засеяныя палі – яшчэ нядаўна былі прадметам гонару афіцыйнай прапаганды. Але айчынная сельская гаспадарка трымалася на дзяржаўных субсыдыях і льготных крэдытах. Калі ў бюджэце праз крызыс стала меней грошай, аказалася, што дзяржаўныя аграпрадпрыемствы ня могуць і году пражыць бязь зьнешняй дапамогі.
Асабліва цяжкая сытуацыя склалася ў Віцебскай вобласьці, дзе зямля найменш урадлівая, а дзель стратных гаспадарак – найбольшая ў Беларусі. Тысячы людзей, якія забясьпечваюць хлебам, малаком і мясам краіну, самі апынуліся на мяжы выжываньня.
Кастусь Шыталь, westki.info