Работнікі ААТ «Гарадоцкі райаграпрамснаб» у сераду раніцай заявілі пра страйк. Прычына – іх прадпрыемства зьбіраюцца прызнаць банкрутам. Страйкоўцы з гэтым ня згодныя, таксама яны патрабуюць захаваць працоўныя месцы. На думку работнікаў, цяпер у Гарадоцкім раёне вакансіяў для 168 чалавек з «Райаграпрамснабу» няма. Апроч таго, людзі баяцца страціць і службовае жытло.
– Мы вырашылі, што выйдзем на працу сёньня, але нічога рабіць ня будзем. Абвяшчаем страйк, – распавялі даяркі, якія працуюць на фэрме ў вёсцы Лажані. Кажуць, што страйкуюць і яшчэ некалькі фэрмаў. – Наша прадпрыемства зьбіраюцца прызнаць банкрутам. 16 сьнежня дакумэнты будуць ужо ў эканамічным судзе. Але калі прадпрыемства прызнаюць банкрутам, то нас, выходзіць, скароцяць.
– Ну, уладкуюць ад сілы чалавек 20, а астатнія куды? У Гарадку ў нас працы няма. Куды нам ісьці? А ў нас ужо тут і сям'і, і дамы, – абураюцца даяркі. – Калі нас звальняюць, то і высяляюць са службовага жытла. Некаторыя яго прыватызавалі, але высьветлілася, што прыватызацыя праведзеная з памылкамі. І цяпер нам выстаўляюць сумы ў 80 мільёнаў за прыватызацыю.
– Атрымліваецца, што і працы ня будзе, дык і доўг яшчэ застанецца, – кажуць людзі.
Як патлумачылі ў бухгальтэрыі прадпрыемства, фінансавыя справы тут сумныя. Цяпер запазычанасьць «Райаграпрамснабу» – 120 мільярдаў.
– Але ёсьць паляпшэньні, – кажуць тут. – Мы выйшлі на другое месца ў раёне па ўдоях малака. Летась было 4,5 літру на карову, а цяпер 9 літраў. Мы плацім зарплату, падатковыя выплаты, бягучыя плацяжы і пакрысе намагаемся плаціць асноўныя даўгі. Больш таго, ніякіх крэдытаў не бяром. Намагаемся ўсё самі рабіць. Дый заробак вырас. Калі ў студзені выплачвалі па 1,2 – 1,8 мільёну, то цяпер ужо сярэдні 2,5. А бруднымі ў некаторых і па 4,5 мільёну выходзіць.
– Мы не найгоршая гаспадарка ў раёне, – тлумачаць рабочыя. – Чаму нам не даюць шанцу?
Па камэнтары Onliner.by датэлефанаваўся да начальніка ўправы сельскай гаспадаркі Гарадоцкага райвыканкаму Аляксея Маркоўскага.
– Я якраз зараз еду глядзець, што там з гэтым страйкам, буду зь людзьмі размаўляць, – кажа Аляксей Маркоўскі. – Але сытуацыя там такая, што прадпрыемства сапраўды стратнае. Цяпер дакумэнты падрыхтаваныя аб прызнаньні яго банкрутам. Якое рашэньне вынесе эканамічны суд, я ня ведаю. Будзе яно банкрутам або няма, да суду сьцьвярджаць не магу. Але тое, што ў прадпрыемства даўгі і бракуе выручкі, каб разьлічвацца з даўгамі і выплачваць зарплату, гэта праўда. І даўгі ў іх толькі назапашваюцца. Таму трэба ж нешта са стратнымі прадпрыемствамі рабіць. Нават калі будзе працэдура банкруцтва, то зарплата будзе выплачвацца ў першую чаргу. Тым больш што гэтая працэдура не такая хуткая, яна будзе доўжыцца ня менш за год.
– А потым ці ёсьць іх куды працаўладкаваць? Гэта ж усё-такі 168 чалавек.
– А там і будзем рабіць захады. Усё ж такі фэрмы будзем кудысьці перадаваць, у суседнія прадпрыемствы. Будзем неяк вырашаць гэтае пытаньне.
Настасься Занько, onliner.by