21 красавіка ў віцебскім арт-пабе “Torvald” прайшла публічная лекцыя аднаго з аўтараў сталічнага альманаху “Гарадзкія тактыкі”, кандыдата культуралёгіі Аляксея Крывалапа. Лекцыя пад назовам “Зялёны горад” была прысьвечаная ўрбаністычнаму сьветапогляду і ўрбаністычным праблемам.
Перад тым як даць слова Аляксею Крывалапу, заснавальнік альманаху Зьміцер Гаўрусік зрабіў невялічкі анонс наступнага нумару “Гарадзкіх тактык”, прысьвечанага Віцебску. Матэрыялы віцебскага нумару ўжо падрыхтаваныя, і цяпер толькі трэба дачакацца ягонага выхаду і прэзэнтацыі, якая мусіць адбыцца ў паўночнай сталіцы 21 траўня.
Публічныя лекцыі, практыка якіх апошнім часам пакрысе пашыраецца, – зьява досыць станоўчая і пазытыўная ва ўсіх сэнсах. Але самае галоўнае: у адрозьненьні ад савецкай лекцыйнай спадчыны яны насычаныя дыскусійнай энэргетыкай, якая вымагае ад удзельнікаў такога мерапрыемства абавязковых зносінаў зь лектарам. Вымагае асабістай рэакцыі на выказаныя аўтарам ідэі, пераводзіць слухача з пасіўнага стану ў стан актыўнага сумоўя.
Раскрываючы сваё разуменьне канцэпцыі “зялёнага гораду”Аляксею Крывалапу ўдалося ня толькі досыць хутка зрабіць слухачоў сваімі сумоўцамі, але і паказаць усю складанасьць часам узаемавыключальных урбаністычных стасункаў. Стасункаў, пра якія жыхарства звычайна ня думае, але якія альбо гарманізуюць гарадзкі лад жыцьця, альбо, наадварот, разбураюць яго.
Гарады, як штучныя ўтварэньні, якія апошнім часам сталі асноўнымі пунктамі цывілізацыйнага крызысу (забруджваньне асяродзьдзя, празьмернае спажываньне неаднаўляльных рэсурсаў і г. д.), вымагаюць ад ягоных насельнікаў асаблівага ўзроўню адказнасьці за эвалюцыю гарадзкой прасторы. У гэтых варунках канцэпцыя “зялёнага гораду” патрабуе адмовы ад сёньняшняга ірацыянальнага спажывецкага падыходу і вызнаньне прагрэсіўных ідэяў устойлівага разьвіцьця. Перайманьне новых падыходаў неабходнае ня толькі дзеля забесьпячэньня сучаснага ўзроўню чалавечага функцыянаваньня, але і для захаваньня гарманізаванага гарадзкога асяродзьдзя для будучыні.
Уключыўшыся ў дыскусію, віцебчукі прывялі прыклады дэгарманізацыі гарадзкой прасторы, якая адбылася ў выніку ігнараваньня з боку мясцовых уладаў меркаваньняў гараджанаў. Гэта і разбурэньне гістарычных будынкаў; гэта і рэканструкцыя плошчы Перамогі, у выніку чаго незваротна зьнік устояны пласт гарадзкога бытаваньня; гэта і меркаванае ўзьвядзеньне навабуду Сафіі, які непазнавальна зьменіць гістарычны цэнтар гораду, пазбавіўшы яго так неабходнай яму зялёнай зоны.
Непрыемны асадак пакінула некалькі агрэсіўнае стаўленьне да лектара адной са слухачак, якая прадставілася “грамадзкай дзяячкай”. Відаць, пераблытаўшы культуралягічную лекцыю з практыкумам па ўладкаваньні гарадзкога асяродзьдзя, яна выказала на адрас Аляксея Крывалапа шэраг незразумелых прэтэнзіяў. Маўляў, калі ён не прымае непасрэднага ўдзелу ва ўладкаваньні гарадзкой прасторы, то ўсе ягоныя развагі – нішто іншае, як пустаслоўе… Агучыўшы сваё меркаваньне, жанчына ў засмучэньні пакінула памяшканьне.
Затое прыемнай неспадзяванкай сталася далучэньне да лекцыі непасрэдных наведнікаў пабу, якія, папіўшы піва, прапанавалі свае прапановы па арганізацыі роварнага руху ў горадзе. І хаця яны выклікалі на сябе шэраг заўвагаў, гэты выпадак дазваляе з поўным правам сьцьвярджаць, што ідэі, выказаныя лектарам, пайшлі ў масы.
С. Горкі