28 лютага ў віцебскай арт-прасторы Vitebsk4Me адбылася прэзэнтацыя кнігі вершаў Алеся Плоткі “Байсан”. Чынны ўдзел у сустрэчы ўзяла й паэтка Вольга Чайкоўская, першы зборнік якой “Лупы” выйшаў яшчэ ў 2007 годзе.
Паэтычная імпрэза была нязмушанай і арганічнай: склалася ўражаньне, што гэта ня першы іхны сумесны выступ, хаця насамрэч гэта было ня так. Перагукаліся ня толькі вобразы і тэмы. Здавалася, нібыта перад намі інь і янь сучаснай беларускай паэзіі. Па-чалавечаму прыемныя прадстаўнікі сучаснай паэтычнай генэрацыі ў прыемнай неафіцыйнай атмасфэры прыадчынілі перад прысутнымі завесу свайго паэтычнага сьветабачаньня і паспрабавалі расштурхаць соннае каралеўства будзённай аднастайнасьці, змусілі па-іншаму паглядзець на беларускае вершаскладаньне. Усё астатняе залежала ад кожнага, хто пачуў іхні пасыл.
Алесь Плотка, родам з Гомлі, вядомы ня толькі як паэт, але і як шоўмэн, вядоўца, піяр-мэнэджэр культурніцкіх праектаў, што ладзіць кампанія “Будзьма беларусамі”! Ён ляўрэат прэміі часопісу “Дзеяслоў” “Залаты апостраф”, дыплямант Беларускага ПЭН-Цэнтру, актыўна друкуецца ў пэрыёдыцы.
Кніга вершаў “ Байсан” выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор” пад рэдакцыяй Натальлі Кучмель. Мастацкае ўвасабленне Vieršnicу паводле ідэі аўтара выканала мастачка Юлія Галавіна. Як патлумачыў Алесь, слова “байсан” на слэнгу марскіх караблёў, якія барозьняць прасторы Атлянтычнага акіяну, азначае “зямля”. Вершніца ж на вокладцы – гэта і каханая жанчына, і муза, якая натхняе, а таксама і сувязь з назвай, бо ”зямля” ёсьць увасабленьнем жаночага пачатку.
Як ужо вядома з прэсы, гэткае вольнае абыходжаньне з нацыянальным сымбалям “Пагоні” выклікала неадназначную ацэнку сярод тутэйшых артадоксаў, што і падштурхнула ў сваю чаргу Алеся Плотку выказацца ў падтрымку Насты Шпакоўскай, якая трапіла ў яшчэ горшае становішча: амаль год судзіцца яна з кампазытарам Алегам Моўчанам. Той лічыць, што гурт “Нака” і Наста парушылі ягоную музычную вэрсію, прапанаваную для праекту Re:Песьняры. З гэтай нагоды Шпакоўская і Байсан зладзілі ню-фотасэсію за свабоду творчага самавыяўленьня. Думка, якую хацелі данесьці творцы, простая: “са стваральніка няма чаго ўзяць, акрамя творчага прадукту”.
Віцебскія слухачы прыхільна сустрэлі агучаныя паэтам вершы. Найбольш воплескаў дасталося “10-ці правілам хіпстэра” і “Вуліцы Розы Люксэмбург”, якая сканчаецца даволі філязафічна абагуленым радком: “У прынцыпе, увесь сьвет — адна вялікая вуліца Розы Люксэмбург”.
Цікавым з пункту гледжаньня кампазыцыі і выкарыстаных мастацкіх сродкаў зьяўляецца верш “Шлю паштоўку арыштанту”:
шлю паштоўку арыштанту
пішу шэптам і з пашанай
штандар шэры над кляштарам
шлю паштоўку арыштанту
шлю паштоўку арыштанту
на паштамце шалясьценьне
аркушоў і шапаценьне
шлю паштоўку арыштанту
шлю паштоўку арыштанту
шэльмы шэльмаў шкваркай лашчаць
штольні душаў нібы пашчы
шлю паштоўку арыштанту
шлю паштоўку арыштанту
плошчы нашы нібы прошчы
шчокі нам на шчасьце хвошчуць
шлю паштоўку арыштанту
Паслухаць новую паэзію Вольгі было цікава ня толькі тым, хто ведаў яе з часоў першага зборніку. За гэтыя восем гадоў ейная паэзія набыла новыя рысы, стала больш вольнай, менш залежнай ад клясычных стэрэатыпаў, ды й папросту творца стала больш дарослай, і прыйшоў час пазбавіцца ілюзій, што раней расьцьвіталі ўвесну. Таму так часта гучыць жаданьне разьвітацца зь дзяцінствам: “Апошнія гадоў дзесяць хочацца верыць, што дзяцінства скончылася”, “можна ўсё – скокай”.
Але ня ўсё так адназначна ў гэтым сьвеце: “І гэтак разумееш, што ніколі ня дойдзеш, ніколі ня прыйдзеш, а будзеш жыць вечна ў лябірынтах падманлівых знакаў”. Гэткія ж глыбокія думкі гучаць у многіх ейных вершах: “Ніхто не сышоў – усе засталіся, у пашчы эпохі захрасьлі усе”, альбо “цяпер халодны душ – мая мара”.
Асаблівае месца займае ў яе творчасьці Віцебск, але ягоная роля пакрысе зьмяншаецца. І чым больш адчыняецца перад паэтэсай сьвет і чым больш ягонае сьвятло кранае пранізьлівыя струны душы, тым меншым становіцца ўплыў малой радзімы і тым больш парадаксальным становіцца вобразна-філязофскае пераасэнсаваньне гораду яе дзяцінства:
“Горад, на які нельга забыцца. Горад, якога нельга пазбыцца”, “ Мне ніхто непатрэбны ў гэтым самотным горадзе”.
Неяк ейная сяброўка сказала фразу, якая ў нечым зьмяніла стаўленьне да паэтычнай творчасьці: “Напішы пра гэта верш”. Як кажа паэтка, кожны раз, калі трапляеш у нейкія складаныя ці то трагічныя абставіны, гэткая эмацыйна-паэтычная саматэрапія дапамагае пазбавіцца эмацыйна-псыхалягічнай напружанасьці – і адпускае.
Але ж нягледзячы на разнастайнасьць і мадэрновасьць ейнай паэзіі, вобразнаю ды кампазіцыйнаю яе разнастайнасьцю ёсьць тое, што застаецца нязьменным. Гэта яе творчыя і грамадзянскія прынцыпы, якія складаюць падмурак яе паэзіі: “Сваё неба нашу з сабой – я старамодная”.
Ці не галоўным адкрыцьцём – я думаю, ня толькі для мяне – стаўся той факт, што сучасная беларуская паэзія ў асобах Плоткі і Чайкоўскай далёка выйшла за межы вядомых з школы клясычных беларускіх вершаў. Паэты сьмела і плённа асвойваюць жанры, тэмы і вобразы, якія лучаць іхную творчасьць з эўрапейскай і сусьветнай паэзіяй. Падарожжы па сьвеце, знаёмствы з сусьветнай літаратурнай, музычнай і мастацкай клясыкай пашыраюць межы іхнае творчасьці, а іхныя творы пры перакладзе будуць зразумелымі кожнаму жыхару плянэты, хоць колькі абазнанаму ў паэзіі.
У іхных вершах няма навязьлівага стогну старэйшых папярэднікаў па мове, якая незваротна гіне, няма нейкай невычэрпнай, невылечнай тугі. Затое ёсьць пэрспэктыва, ёсьць новае, асабістае пераасэнсаваньне клясычных вобразаў і тэмаў, ёсьць суаднесеная з рэальнасьцю філязафічнасьць, якая мае пад сабой уласьцівую ўсёй эўрапейскай культуры ўзаемадачыненьняў унівэрсальную сыстэму каштоўнасьцяў.
Хаця, як выказаўся ў адным зь вершаў Алесь Плотка: “Труны маёй апошні цьвік заб’е апошні бальшавік”. Савецкае мінулае ня хоча адпускаць, але гэтае мінулае сыходзіць і немінуча, у рэшце рэшт, сыдзе.
С. Горкі