22 траўня судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Алеся Жарыкава прызнала журналіста тэлеканалу «Белсат» вінаватым у вырабе і распаўсюдзе інфармацыі без акрэдытацыі.
Прыйшоўшы ў суд, Сяргей Русецкі вырашыў згуляць у гульню, зыход якой вядомы загадзя. Як ён і прадбачыў, судзьдзя Алеся Жарыкава не задаволіла ані хадайніцтва пра тое, каб працэс вёўся па-беларуску, ані просьбу, каб у мэтах эканоміі працэсуальнага часу адразу была выдадзеная яму копія загадзя падрыхтаванага рашэньня па справе. У выніку ўсе неабходныя працэсуальныя фармальнасьці былі выкананыя ў поўным аб’ёме.
Згодна з пратаколам, складзеным супрацоўнікам Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Сяргеем Вяраксам, Сяргею Русецкаму ставіўся ў віну той факт, што 25 сакавіка ў пэрыяд часу з 12:30 да 13:30, не зьяўляючыся акрэдытаваным журналістам незарэгістраванага ў Беларусі замежнага інфармацыйнага агенцтва, ёнвырабіў і распаўсюдзіў у сеціве прадукт СМІ, які тычыўся несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў горадзе Віцебску. Гэткім чынам, на думку міліцыянта, у дзеяньнях журналіста прысутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 22.9 (выраб без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў прадукцыі СМІ для замежнага сродку масавай інфармацыі (тэлеканалу «Белсат»).
У судзе Сяргей Русецкі віны сваёй не прызнаў і патлумачыў, чаму ня згодзен з высновамі капітана Вяраксы. Сваёй сувязі з тэлеканалам «Белсат» журналіст не адмовіў, але, паводле яго словаў, міліцыянт ніякім чынам ня здолеў даказаць факту вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ.
Сяргей Русецкі, па-першае, спаслаўся на тое, што згодна з законам аб сродках масавай інфармацыі распаўсюджваць прадукцыю СМІ маюць права рэдакцыі і юрыдычныя асобы, на якіх ускладзены функцыі рэдакцыі СМІ. Таму не зразумела, як да фізычнай асобы можа прымяняцца гэты склад правапарушэньня.
Другі аспэкт, на які журналіст зважыў, матэрыял, які ён зьбіраў, ня трапіў у этэр тэлеканалу «Белсат» 25 сакавіка. Такім чынам, на думку Сяргея Русецкага, у ягоных дзеяньнях наогул адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня.
Не прамінуў адзначыць ён і тую акалічнасьць, што палажэньні закону аб сродках масавай інфармацыі супярэчаць Канстытуцыі і міжнародным прававым актам. Гэткім чынам яны носяць дыскрымінацыйны характар, а шмат якія нормы прыдуманыя выключна дзеля перасьледу іншадумства і задушэньня свабоды слова.
«Асноўная мая аргумэнтацыя па-сутнасьці справы палягае ў тым, што міліцыя, якая распачала адміністрацыйны працэс у дачыненьні да мяне, не знайшла належных доказаў таго, што дзьве прыкметы (выраб і распаўсюд) мелі месца 25 сакавіка. За час маёй супрацы з тэлеканалам «Белсат» былі зробленыя сотні матэрыялаў, але ніводзін зь іх ня стаў падставай для прыцягненьні мяне да адказнасьці. І ў той час, калі ніякіх матэрыялаў 25 сакавіка на «Белсаце» не было, мяне прыцягваюць да адказнасьці за намер зрабіць сюжэт. Але сюжэту няма! За што судзіць? Незразумела!», – адзначыў журналіст.
Паводле ягоных словаў, матэрыял ён зьбіраў, але факту распаўсюду інфармацыі не было, бо ў той дзень найгалоўнейшымі былі падзеі, што адбываліся ў Менску.
Пасьля прыведзенай аргумэнтацыі Сяргей зазначыў, што яго рэпутацыя ад рашэньня суду не пацерпіць, і ён пагодзіцца зь любым рашэньнем, а вось рэпутацыя суду і судзьдзі можа і пацярпець. Аднак нягледзячы на некарэктнасьць фармулёвак пратаколу і тэрміналягічную блытаніну і на запэўніваньні Сяргея Русецкага ў ягонай законапаслухмянасьці і наяўнасьці высокай прававой культуры, рашэньне было вынесенае.
Улічыўшы матэрыялы справы, судзьдзя Алеся Жарыкава пастанавіла прызнаць факт адміністрацыйнага правапарушэньня даказаным ды аштрафавала журналіста «Белсату» на 20 базавых велічыняў (460 рублёў).
С. Горкі