Выпадак здарыўся ў Полацку. Міліцэйская машына прыпаркавалася каля крамы на стаянцы, прызначанай для кіроўцаў з абмежаванымі магчымасьцямі. Грамадзянін, што праходзіў побач, зрабіў заўвагу кіроўцу і сфатаграфаваў міліцэйскі УАЗ на стаянцы для аўтамабіляў з апазнавальным знакам «інвалід». Пасьля чаго грамадзянін быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак міліцыі.
Распавядае сам затрыманы Вадзім Казлоўскі:
Мы зь сяброўкай ішлі ў краму каля 22 гадзін, і на маіх вачох пад'яжджае міліцэйскі УАЗ на стаянку для інвалідаў і спыняецца. Я думаў, што ён праедзе далей, але ён спыніўся пасярэдзіне двух месцаў стаянкі для інвалідаў. Пры тым, што ўся стаянка была свабодная. Я падышоў зрабіць заўвагу, пастукаў у дзьвярное шкло, дзьверы адкрыў прапаршчык. І адбыўся такі дыялёг:
Я кажу:
– Таварыш прапаршчык, прашу прабачэньня, вы не маглі б прад'явіць сваё пасьведчаньне.
Прапаршчык у адказ:
– Не зразумеў, што ты хочаш?
– Вы спыніліся на месцы для інвалідаў. Напэўна, вы інвалід? Калі не, то не маглі б вы прыбраць сваю машыну?
– Яна табе перашкаджае?
– Мне не. Я, падзяка Богу, не інвалід.
– Ну і ідзі адсюль.
– Мабыць, яна перашкаджае якому-небудзь інваліду?!
– Якому інваліду?
– Я ня знаю ў Полацку ўсіх інвалідаў. Ну, можа, якому-небудзь замінае.
– Ну, дык ня знаеш – і ідзі адсюль.
– Таварыш прапаршчык, вы што, не разумееце? Вы занялі месца, адмыслова адведзенае для інвалідаў!
– Цябе што не задавальняе, ты не інвалід? Не! Ну, ідзі адсюль.
Я кажу:
– Вунь колькі месцаў вольных. Перастаўце сваю машыну, калі ласка.
– Пашпарт у цябе ёсьць?
– Не, я выйшаў у краму купіць прадукты, пашпарт ня браў.
– Зразумела.
– Ну, вы будзеце перастаўляць машыну?
– Не, я буду стаяць тут.
– Тады я сфатаграфую і выстаўлю фота ў інтэрнэт.
– Рабі што хочаш.
Я кажу:
– Прадстаўцеся, калі ласка.
Прапаршчык у адказ:
– За распаўсюд асабістай інфармацыі пагражае адказнасьць.
У мяне ўжо былі дзьве фатаграфіі. Я хацеў зрабіць яшчэ зь іншага ракурсу, абышоў машыну зь іншага боку. Тут ужо міліцыянт выйшаў – амаль выскачыў з машыны, і да мяне:
– Пашпарта няма? Усё. Паехалі са мной!
Я кажу:
– На якой падставе?
– Што ты адмаўляесься выконваць указаньні міліцыянта.
– Ат, добра, паедзьма.
Далей Вадзім распавёў:
Я папрасіў сваю дзяўчыну паведаміць майму бацьку пра затрыманьне. У машыне прапаршчык прымусіў мяне сьцерці фотаздымак, дзе быў ягоны твар. Я выдаліў адно фота, баяўся, што яны забяруць мой мабільнік. На маю просьбу прадставіцца прапаршчык сказаў:
– Я табе не абавязаны прадстаўляцца, бо ты не прад'явіў мне свой пашпарт.
У пастарунку міліцыі прапаршчык склаў на Вадзіма нейкія паперы і аддаў іх дзяжурнаму маёру.
Маёр спытаў маё імя, імя па бацьку, дату нараджэньня, дзе жыву. Па кампутары праверыў дадзеныя, спытаў імёны і імёны па бацьку бацькоў. Усё пацьвердзілася, што я ёсьць той чалавек, які ёсьць у базе дадзеных. Маёр сказаў: «Усё. Я Вас больш не затрымліваю», – і мяне адпусьцілі, – распавёў пра падзею Вадзім Казлоўскі.
Пазьней у міліцыю прыйшоў бацька Вадзіма, каб высьветліць прычыну затрыманьня сына. Бацьку доўга не пускалі ў будынак РАУС, потым выйшаў капітан і сказаў, што міліцыя можа адступаць ад правілаў дарожнага руху ў апэратыўных мэтах. Маўляў, спыненьне на месцы для інвалідаў машыны міліцыі зьяўляецца законным. Аднак прычыну затрыманьня Вадзіма капітан растлумачыць так і ня здолеў.
Як патлумачылі юрысты-праваабаронцы, у законе сказана, што міліцыя можа праводзіць адміністрацыйнае затрыманьне для высьвятленьня асобы, але толькі ў дачыненьні да тых грамадзян, на якіх заведзеная адміністрацыйная справа. У гэтым выпадку ніякай адміністрацыйнай справы не было, і затрыманьне зьяўляецца адвольным, а значыць незаконным – грамадзянін можа падаць скаргу на дзеяньні прапаршчыка ў пракуратуру або ў суд.
Аляксандар Марозаў
Фота:Вадзім Казлоўскі, vk.com/id23746744