Прадпрыемству нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры. У выніку была распачатая крымінальная справа.
Як паведамілі ў Дэпартамэнце фінансавага маніторынгу КДК па выніках працы за першае паўгодзьдзе, фінансавай выведкай сумесна з Галоўным упраўленьнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС была «выяўленая дзейнасьць злачыннай групы са службовых асоб буйнога нафтаперапрацоўчага прадпрыемства і шэрагу зьвязаных зь ім арганізацыяў, якія з карысьлівай зацікаўленасьці ў межах праграмы мадэрнізацыі і пераўзбраеньня асноўных сродкаў ажыцьцявілі закупку абсталяваньня па спэцыяльна завышаных цэнах за мяжой».
Падчас затрыманьня ва ўдзельнікаў злачыннай дзейнасьці канфіскаваныя каля 300 тысяч даляраў, 360 тысяч эўра, 470 тысяч расейскіх рублёў. У цяперашні час прадпрыемству ўжо пакрытая шкода ў памеры 3 мільярды рублёў, у Беларусь з-за мяжы вернутыя незаконна атрыманыя каля 900 тысяч эўра. Даспагнаньне грошай для пагашэньня нанесенай шкоды працягваецца, адзначылі ў фінансавай выведцы.
Цяпер гэтай справай займаюцца супрацоўнікі Сьледчага камітэту. «У цяперашні час расьсьледуецца шмат крымінальных спраў у дачыненьні да службовых асобаў "Нафтану". Гэта адна зь іх», - растлумачылі ў ГУБАЗіК МУС Беларусі.
У ліпені мінулага году былі затрыманыя шэсьць чалавек: тры службовыя асобы прадпрыемства, уключаючы намесьніка гендырэктара «Нафтану», і тры прадстаўнікі прыватных кампаніяў. Прычыненую заводу шкоду тады ацэньваўся ў 4 мільярды рублёў. «Гэта зьвязана з працэдурамі закупак і выкананьня кантрактаў прадпрыемства», - сказана ў паведамленьні СК. Падчас ператрусаў канфіскавана больш за паўмільёна даляраў, арыштавана сем дарагіх аўтамабіляў бізнэс-клясу, а таксама ювелірныя вырабы.
Атрымаць камэнтар у Сьледчым камітэце не ўдалося.
У цяперашні час на НПЗ рэалізуюцца інвэстыцыйныя праекты, накіраваныя на павелічэньне глыбіні перапрацоўкі нафты і мінімізацыю выпуску цёмных нафтапрадуктаў.
Асноўным праектам на «Нафтане» зьяўляецца стварэньне комплексу запаволенага каксаваньня (тэрмін рэалізацыі - сьнежань 2016 году). Летась на заводзе плянуецца завяршыць будаўніцтва ўстаноўкі вытворчасьці элемэнтарнай серкі і рэканструкцыю ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8. У цэлым кошт праектаў праграмы разьвіцьця нафтаперапрацоўчага заводу складае больш за 2 мільярды даляраў.
tut.by