10 сьнежня споўнілася 65 гадоў з моманту прыняцьця Генэральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. Гэтая дата дае падставу паразважаць пра стан правоў чалавека ў Беларусі. Для гэтага «Дыялёг» сустрэўся зь віцебскім праваабаронцам Леанідам Сьвецікам.
Спадар Леанід, распавядзіце, калі ласка, аб сытуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне.
Неабходна адзначыць, што правы чалавека зьяўляюцца адной з глябальных ідэяў сучаснасьці. Бо пакуль існуе чалавек, яму – ад нараджэньня да сьмерці – будуць належаць грамадзянскія, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы. Прызнаньне гэтых правоў зьяўляецца вынікам разьвіцьця чалавечай цывілізацыі. Іншымі словамі, наколькі дзяржава прызнае правы чалавека і стварае ўмовы для іх рэалізацыі, настолькі цывілізаванай яна зьяўляецца. У гэтым сэнсе цяперашнюю беларускую дзяржаву лічыць цывілізаванай нельга.
А што ня так з правамі чалавека ў Беларусі?
Перш за ўсё, хочацца выказаць заклапочанасьць тым, што ў нас не забясьпечаная незалежнасьць судовай улады ад выканаўчай, а таксама тым, што нацыянальнымі судамі не прымяняюцца палажэньні міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. У Беларусі няма інстытуту амбудсмэна, прысутнічаюць розныя формы дыскрымінацыі.
У краіне ня створана сыстэма забесьпячэньня доступу да занятасьці асоб з абмежаванымі магчымасьцямі, у грамадзтве прысутнічаюць элемэнты гендэрнай няроўнасьці. Працоўныя адносіны абцяжараныя ўсеагульнай прымусовай кантрактнай формай найму. Заканадаўча зацьверджаная прымусовая праца асоб, пазбаўленых волі, а таксама людзей, што пакутуюць на алькагольную, наркатычную залежнасьць, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП.
Неабходна сказаць пра адсутнасьць доступу сацыяльна неабароненых груп насельніцтва да сацыяльнага жытла, рост распаўсюджаньня ВІЧ/СНІД, тэндэнцыю павелічэньня алькагольнай і тытунёвай залежнасьці насельніцтва, нарастаньне захворваньня на сухоты.
Асабліва хочацца адзначыць абмежаваньне выкарыстаньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі і культурным жыцьці краіны. Людзі, якія прапагандуюць беларускую мову, якія непасрэдна прымяняюць яе пры арганізацыі культурных мерапрыемстваў, зазнаюць рознага кшталту ўціск.
Гэта тыя парушэньні, якія закранаюць сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы грамадзян Беларусі.
Што ж тычыцца стану грамадзянскіх і палітычных правоў, то яго сьмела можна назваць катастрафічным.
Дзяржавай паўсюдна забараняецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў і іншых публічных акцыяў. Права на мірныя сходы абмежаванае адмовай з боку дзяржаўных устаноў даваць грамадзянам і арганізацыям памяшканьні.
Улады, фактычна, адабралі ў грамадзян права на асацыяцыі, стварыўшы складаны і дарагі, не даступны для многіх, мэханізм рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў і партыяў.
Свабода выказваньня думак і свабода слова абмежаваныя манаполіяй дзяржавы на сродкі масавых камунікацыяў.
Таксама не магчыма рэалізаваць права абіраць і быць абраным у прадстаўнічыя органы ўлады – з-за маніпуляцыяў зь бюлетэнямі, што чыняцца выбарчымі камісіямі, якія фармуюцца і кантралюецца дзяржавай.
Дык што неабходна зрабіць, каб дзяржава зьмяніла стаўленьне да правоў чалавека?
На мой погляд, кіраўніцтву краіны неабходна зразумець, што павага да правоў чалавека выгадная дзяржаве і грамадзтву. Калі гэта разуменьне прыйдзе, то Беларусь стане ў адзін шэраг з цывілізаванымі дзяржавамі сьвету. Гэта дапаможа ёй стаць паважанай, адкрытай краінай з разьвітай грамадзка-палітычнай сыстэмай.
Прызнаньне забесьпячэньня правоў чалавека прыярытэтам у дзейнасьці дзяржавы надасьць імпульс разьвіцьцю грамадзкіх і эканамічных адносін. Бо тыя ж інвэстыцыі, якія гэтак неабходныя для мадэрнізацыі эканомікі краіны, прыйдуць у Беларусь тады, калі дзяржава, сярод іншага, пачне паважаць правы чалавека і спрыяць іх рэалізацыі.
Якая роля праваабаронцаў у сучасным грамадзтве?
Беларускае праваабарончая супольнасьць, нягледзячы ні на якія перашкоды з боку дзяржавы, мае тэндэнцыю да ўмацаваньня і разьвіцьця. Дзясяткі грамадзкіх арганізацыяў і сотні актывістаў-праваабаронцаў дапамагаюць грамадзянам Беларусі адстойваць свае правы.
Праваабаронцы дамагаюцца таго, каб наша краіна стала прававой і дэмакратычнай дзяржавай. Дзеля дасягненьня гэтай высакароднай мэты яны прыносяць у ахвяру сваё здароўе, свабоду, асабістую кар’еру і дабрабыт сямейнікаў. Актывісты праваабарончага руху мужна пераносяць усе нягоды грамадзкага абавязку, які яны добраахвотна ўсклалі на сябе.
На жаль, іх ахвярная праца на карысьць грамадзтва і дзяржавы дагэтуль належным чынам не ацэненыя. Але я ўпэўнены, што аднойчы праваабаронцы будуць прызнаныя беларускім грамадзтвам і дзяржавай героямі свайго часу.
dyjalog.info