«Пра маральнасьць і паліткарэктнасьць у дачыненьні да асобы з боку Лукашэнкі размова проста не ідзе. Гэта два паралельных сьветы, якія не перасякаюцца. Нават калі Лукашэнка хоча здацца сумленным і прыстойным палітыкам, то ў яго не атрымліваецца: увесь час вылазіць унутраная натура. З гэтым нічога ня зробіш - яна такая, якая ёсьць», - гэтак палітвязень Павал Севярынец пракамэнтаваў расісцкае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі ў адрас Барака Абамы.
«Камэнтаваць стыль выказваньняў і паводзінаў Лукашэнкі наогул цяжка, таму што ён ня ўпісваецца ні ў якія рамкі прыстойнасьці, нават калі спрабуе выглядаць сур’ёзным, прыстойным і рэспэктабельным палітыкам. У Лукашэнкі гэта не атрымліваецца. Проста па сутнасьці яго ўнутранай палітыкі, якую ён праводзіць у Беларусі, відаць, што стаўка ідзе на грубасьць, на хамства, на страх. І з часоў дырэктара саўгасу мала што памянялася ў гэтым сэнсе. Напэўна, у яго проста бязьмежная здольнасьць абражаць і крыўдзіць людзей, і ў гэтым пытаньні я ўжо даўно нічому не зьдзіўляюся. Думаю, што і беларусы таксама ўжо не зьдзіўляюцца. Дзесьці ў сьвеце можа выклікаць зьдзіўленьне тое, што кіраўнік дзяржавы можа сябе так паводзіць», - лічыць палітык.
Павал Севярынец падкрэсьліў, што кіраўнік дзяржавы незаконны, ён прызначыў сам сябе на сфальшаваных выбарах, таму і дазваляе сабе гэтакія паводзіны. Ён адзначыў, што пасьля антысэміцкіх выказваньняў беларускага кіраўніка ўсёй краіне давялося адмывацца месяцамі, і цяпер давядзецца рабіць тое ж самае.
«У палітычным сэнсе гэта, напэўна, нейкі сыгнал Уладзімеру Пуціну, маўляў, Уладзімеравіч, ня думай - мы з Нурсултанам Назарбаевым супраць цябе не змаўляемся. Хоць мне здаецца, такія сыгналы сьведчаць пра тое, што змаўляюцца», - падсумаваў Павал Севярынец.
Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка дапусьціў расісцкія выказваньні ў адрас прэзыдэнта ЗША: «І наогул мяне Абама зьдзіўляе, яшчэ нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амэрыцы рабамі былі, а сёньня пра выключнасьць нейкую заяўляюць. Я ніколі ня думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных слаёў, зможа наогул рыторыку такую ў сьвеце праводзіць. Гэта недапушчальна, гэта вельмі небясьпечна. Дарэчы, нашы і вашы, і расейскія дэмакраты, як быццам гэтага не заўважаюць…», - сказаў ён.
Хартыя ‘97