Палітвязень Павал Севярынец лічыць сьвята 9 траўня – сьвятам са сьлязамі ў вачох. Павал згодны з публіцыстам Алесем Чайчыцам, што 9 траўня – гэта “ідэалягічны кастыль для безыдэйных рэжымаў”.
Паводле ягоных слоў, дзясяткі гадоў акцэнт рабілі на перамозе: “Але на тым, якім коштам далася гэтая перамога – ужо менш, на тым як пацярпелі ўсе мы – яшчэ менш. Пра тое, хто разьвязаў Другую сусьветную вайну, а падпальшчыкамі яе былі Сталін і Гітлер, увогуле гэты факт хавалі. Тое, што беларусы апынуліся паміж молатам і кавадлам у гэтай вайне, – гэта таксама факт”.
9 траўня трэба ўспамінаць ня толькі тых, хто змагаўся з фашызмам, але і з камуністычным рэжымам, лічыць Павал Севярынец: “Аддаючы даніну павагі тым, хто змагаўся з нацызмам і гінуў, хто аддаваў свае жыцьці за перамогу над нацызмам, трэба адначасна прыгадаць і тых, хто змагаўся з камунізмам, хто змагаўся за беларускую незалежнасьць. Герояў беларускага незалежніцкага падпольля, Беларускай незалежніцкай партыі, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Тых герояў, што змагаліся і са злом нацызму, і са злом камунізму: ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і іншых”.
На думку палітыка, савецкі міт пра Дзень Перамогі абражае нашу памяць пра тую велізарную трагедыю, якой была вайна.
Радыё Рацыя