У разбойным нападзе і жорсткім забойстве, зьвязаным з разбоем, абвінавачваецца беспрацоўны 34-гадовы грамадзянін Турэччыны, які, паводле вэрсіі сьледзтва, задушыў у Віцебску дзяўчыну з Банглядэш. Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіраваньня ў суд. Санкцыя артыкулу крымінальнага кодэксу, па якім выстаўленае абвінавачаньне, прадугледжвае выключную меру пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары.
8 лютага 2018 году з заявай пра зьнікненьне суайчыньніцы ў віцебскую міліцыю зьвярнуўся яе зямляк. 10 лютага сьледчыя прыйшлі да высновы аб датычнасьці да зьнікненьня дзяўчыны 34-гадовага турка, той прызнаўся і паказаў месца, дзе схаваў труп – цела 29-гадовай грамадзянкі Народнай Рэспублікі Банглядэш знайшлі ў трубе ў раёне 5-й Індустрыяльнай вуліцы.
Як выявілі сьледчыя, увечары 6 лютага зламысьнік напаў на жанчыну ў яе пакоі і нанёс вялікую колькасьць траўмуючых узьдзеяньняў, у тым ліку – у вобласьць галавы. Пасьля гэтага ахвяра была задушаная – забойца закруціў шалікам яе рот і нос.
Пасьля абвінавачваны вынес труп з кватэры і схаваў у водапрапускной трубе. Вярнуўшыся ў жыльлё, ён забраў сабе мабільны тэлефон і ноўтбук забітай дзяўчыны, а таксама пулярэс з 1900 эўра.
Зламысьнік схаваў рэчы забітай у камэры захоўваньня адной з крам Першамайскага раёну. Гэтыя дзеяньні трапілі ў поле зроку камэры відэаназіраньня. Пасьля ноўтбук, дакумэнты і іншую маёмасьць ахвяры з камэры захоўваньня як знаходку перадалі з крамы ў міліцыю.
Працэсуальныя дзеяньні з абвінавачаным праходзілі з удзелам перакладчыка, у тым ліку быў праведзены сьледчы экспэрымэнт. У выніку непрацуючаму 34-гадоваму грамадзяніну Турэцкай Рэспублікі прад’явілі абвінавачаньне ў разбоі з пранікненьнем у жыльлё і з прычыненьнем цяжкага цялеснага пашкоджаньня (частка 3 артыкулу 207 КК) і забойстве, зьвязаным з разбоем, зьдзейсьненым з асаблівай жорсткасьцю (пункты 6 і 12 часткі 2 артыкулу 139 КК), пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай з моманту затрыманьня.
news.vitebsk.cc