Пасьля таго як сусьветныя мэдыі абышла навіна пра зьяўленьне ў паветры шмат якіх краінаў Эўропы радыеактыўнага ізатопу рутэнію-106, віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў шэраг дзяржаўных ведамстваў, каб высьветліць, якія захады гэтыя ведамствы зрабілі, каб мінімізаваць наступствы радыяцыйнага заражэньня мясцовасьці.
Інфармацыю пра выяўленьне ў верасьні-кастрычніку 2017 году ў паветры эўрапейскіх краінаў радыеактыўнага рутэнію амаль празь месяц пасьля здарэньня апублікавала Фэдэральнае ведамства па радыяцыйнай бясьпецы Нямеччыны. Пазьней Інстытут ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Францыі таксама паведаміў пра павышаны ўзровень радыяцыі. Паводле заявы, апублікаванай Грынпісам, рутэній зьявіўся ў атмасфэры, найхутчэй, праз выкід з вытворчага аб'яднаньня «Маяк», што знаходзіцца ў Расеі пад Чалябінскам. Расейскія ўлады спачатку адмаўлялі, што інцыдэнт зьвязаны з працай згаданага прадпрыемства, але потым Расгідрамэт паведаміў, што сапраўды з 25 верасьня па 1 кастрычніка ў Чалябінскай вобласьці ў паветры назіраўся надзвычай высокі ўзровень рутэнію-106 – натуральны фон быў перавышаны ў сотні разоў.
«Я, як фізык, ведаю, што кожны радыеактыўны элемэнт, у тым ліку і ізатоп рутэній-106, патэнцыйна небясьпечны для здароўя і жыцьця чалавека. Адзіным сродкам, якім можна паслабіць уплыў радыяцыі на чалавека, зьяўляецца своечасовае апавяшчэньне насельніцтва пра радыяцыйную пагрозу і пра спосабы пазьбегнуць неспрыяльнага ўзьдзеяньня радыяцыі на арганізм», – напісаў Леанід Сьвецік ў Віцебскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, абласную ўправу МНС ды абласны цэнтар гідрамэтэаралёгіі і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя.
Зварот праваабаронцы ў цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі разгледзеў галоўны дзяржаўны санітарны лекар гораду Віцебску і Віцебскага раёну Мікалай Красоўскі. Ён праінфармаваў, якім дазымэтрам ладзяцца штодзённыя вымеры радыяцыйнага фону, і паведаміў, што значэньні магутнасьці дозы выпраменьваньня на тэрыторыі Віцебску ў 2017 годзе, у тым ліку ў верасьні-кастрычніку, не перавышалі 0,047-0,049 мікразывэртаў у гадзіну, што адпавядае значэньням прыроднага фону і стасуецца з патрабаваньнямі санітарных нормаў і правілаў.
Няма нагоды для трывогі і на думку начальніка Віцебскай абласной управы МНС Аляксандра Клобука. Паводле яго, цэнтар апэратыўнага кіраваньня ведамства, якое ён узначальвае, штодня абменьваецца інфармацыяй пра надзвычайныя сытуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама здарэньні ў прыродных экасыстэмах зь «Віцебскаблгідрамэтам», і інфармацыі пра зьяўленьне ізатопу рутэнію-106 у верасьні-кастрычніку 2017 году на адрас управы МНС не паступала.
А вось начальнік «Віцебскаблгідрамету» Андрэй Макееў, адказваючы праваабаронцу, пацьвердзіў, што рутэній-106 у Віцебскай вобласьці сапраўды быў: «Паводле стану на 6 кастрычніка ў пункце назіраньня ў горадзе Браславе, як і ў краінах Эўропы, у атмасфэрным паветры былі выяўленыя сьляды гэтага ізатопу... Пра факт, які Вас цікавіць, Белгідрамэт своечасова праінфармаваў вышэйстаячую арганізацыю (Мінпрыроды). У МНС была перададзеная апэратыўная інфармацыя».
Аднак, як запэўніў спадар Макееў, «па выніках гама-спэктрамэтрычных вымераў Белгідрамэту зьмест рутэнію-106 у паветры вельмі нязначны, не ўплывае на радыяцыйны стан і не нясе пагрозы для навакольнага асяродзьдзя і здароўя насельніцтва».
Такім чынам, як высьветлілася, радыеактыўнае воблака ўсё ж зачапіла Віцебшчыну, хоць ня ўсе кіраўнікі ведамстваў, адказных за апавяшчэньне насельніцтва пра радыяцыйную пагрозу і прыняцьце мераў у выпадку небясьпекі, гэта заўважылі. Застаецца толькі верыць начальству абласной дзяржаўнай установы ў структуры Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, што ніякай пагрозы сапраўды не было і няма.
Кастусь Дзьвінскі, vitebskspring.org