Гэтым разам здарэньне адбылося ў Пастаўскім раёне. 26 жніўня ўвечары недалёка ад мяжы зь Летувой былі затрыманыя 8 грамадзянаў Віетнаму, а таксама кіроўца-беларус, які іх перавозіў мікрааўтобусам Фольксваген.
У гэты самы час памежнікамі разам з супрацоўнікамі ДАІ быў спынены яшчэ адзін Фольксваген з двума грамадзянамі Беларусі і адным – Расеі, жыхаром Чачні. Апошніх таксама затрымалі як імаверных арганізатараў і памагатых незаконнай міграцыі.
Усіх затрыманых адвезьлі ў Полацкі памежны атрад. Пасьля таго, як будуць высьветленыя ўсе акалічнасьці, віетнамцам пагражае адміністрацыйны перасьлед, аж да дэпартацыі. Як паведамляе прэсавая служба памежкамітэту, з пачатку бягучага году ў краіне затрымана ўжо 35 нелегальных мігрантаў зь Віетнаму.
Што ж тычыцца астатніх затрыманых, то ім за спрыяньне мігрантам-нелегалам пагражае больш суворае пакараньне – да 7-мі гадоў зьняволеньня. У дачыненьні да двух грамадзян Беларусі і грамадзяніна Расеі ўжо распачатая справа паводле часткі 2 артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу.
Увогуле, жнівень 2017 г. стаў гарачай парой для памежнікаў. Так, згодна са зьвесткамі, апублікаванымі Полацкім памежным атрадам, з пачатку году па ліпень імі падчас 12-ці эпізодаў былі затрыманя 32 чалавекі, 11 зь якіх віетнамцы. А ў жнівень колькасьць затрыманьняў рэзка пабольшала: цяперашні інцыдэнт ля мяжы – гэта ўжо, сама меней, пяты такі выпадак. Што гэта: нелегалы зьнячэўку актывізаваліся, або памежнікі атрымалі ўказаньне падвысіць сваю пільнасьць?
Кастусь Дзьвінскі
Фота: gpk.gov.by