Хлопцы, якія абвінавацілі віцебскі АМАП у зьбіцьці, атрымалі штрафы ад 5 да 15 базавых велічынь. Такое рашэньне вынес 24 жніўня суд Першамайскага раёну абласнога цэнтру. Працэс па гэтай адміністратыўнай справе пад старшынствам судзьдзі Натальлі Караблінай ішоў зь перапынкамі з 8 жніўня, піша Tut.by.
Двое мужчын – Уладзіслаў Каваленка і Сяргей Пруднікаў – аштрафаваныя на 5 базавых велічынь (115 рублёў). Яшчэ трое – Уладзімер Ягораў, Сяргей Гарэлікаў і Дзьмітры Рыбакоў – павінны будуць выплаціць па 15 базавых велічынь кожны (345 рублёў).
Паводле міліцыянтаў, якія выступілі на судзе сьведкамі, Каваленка і Пруднікаў не аказвалі супраціву падчас затрыманьня, самі селі ў службовую машыну, каб ехаць на мэдычны агляд, а затым у РАУС. Гэтых мужчын абвінавацілі паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Ягораву, Гарэлікаву і Рыбакову інкрымінавалі яшчэ і непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі (артыкул 23.4 КаАП). Паводле сьцьверджаньня работнікаў АМАП, Ягораў, Рыбакоў і Гарэлікаў не падпарадкоўваліся іх патрабаваньням: «гучна лаяліся матам», станавіліся «ў баявую стойку», «размахвалі рукамі». Таму, як сьведчылі на судзе АМАПаўцы, да гэтых хлопцаў яны вымушаныя былі ўжыць фізычную сілу і спэцсродкі – газавы балёнчык, гумовую палку і кайданкі.
Нагадаем, інцыдэнт, які разглядаў суд, адбыўся недзе а трэцяй гадзіне ночы з 26 на 27 ліпеня на ўскраіне Віцебску – каля прыпынку грамадзкага транспарту ў раёне рачнога порту. Тут знаходзілася кампанія зь пяцярых хлопцаў – Гарэлікава, Ягорава, Рыбакова, Пруднікава, Каваленкі. Яны стаялі каля машыны, з салёну якой гучала музыка. Пачуўшы яе, да кампаніі пад'ехаў нарад міліцыі.
Гэта адзіныя факты, у якіх сыходзяцца абодва бакі – і пяцёра сяброў, і міліцыянты, якія іх затрымлівалі. Далейшыя паказаньні разыходзяцца. У корані адрозьніваюцца тры моманты.
Першы. Кампанія не хавае, што сярод пяцярых быў цьвярозы толькі адзін – Сяргей Гарэлікаў, кіроўца машыны, якая належыць Сяргею Пруднікаву. Але хлопцы сьцьвярджаюць, што яны пілі піва да таго, як да іх пад'ехала міліцыя. Гэта адбылося ў бары «Карчага». Затым, пасьля закрыцьця ўстановы, яны прыехалі на ўскраіну Віцебску, дзе проста слухалі музыку і сьпіртное не ўжывалі. Але міліцыянты «прыпісалі» ім чужыя кубачкі, якія, паводле словаў сяброў, валяліся на прыпынку.
Паводле словаў міліцыянтаў, у момант іх прыезду хлопцы трымалі ў руках плястыкавыя кубачкі, а адзін зь іх – бутэльку.
Другі. Сябры сьцьвярджаюць, што месца, якое яны выбралі для адпачынку і праслухоўваньня музыкі, – бязьлюднае. АМАПаўцы ж кажуць, што паблізу ад прыпынку, мэтрах у 50, на вуліцы Максіма Горкага стаіць жылы дом.
Трэці. Удзельнікі кампаніі распавялі на судзе, што міліцыя зрабіла жорсткае затрыманьне. Паводле выразу Сяргея Гарэлікава і Ўладзімера Ягорава, іх «задзьмулі» балёнчыкам, зьбілі дручкамі. Гарэлікаў здымаў усё, што адбываецца, на відэа ў сваім мабільным, таму гаджэт забралі, відэа выдалілі, а тэлефон разьбілі.
Ягораву, паводле яго словаў, АМАПаўцы зламалі руку. У суд ён падаў даведку ад лекара з дыягназам «пералом локцевай косткі». Акрамя таго, Уладзімер сьцьвярджае, што на руцэ ў яго быў сьлед ад міліцэйскай галёнкі. Фатаграфія з гэтым сьледам захавалася ў тэлефоне аднаго з удзельнікаў кампаніі – Уладзіслава Каваленкі. Каваленка паказваў гэты здымак судзьдзі на працэсе.
Сьляды ад дручкоў на сваіх тварах і целе Сяргей Гарэлікаў і Ўладзімер Ягораў выклалі ў інтэрнэт. Яны шырока разышліся па сацыяльных сетках і сайтах. Маладыя людзі таксама зьнялі пабоі і зьвярнуліся з заявамі ў УУС аблвыканкаму і Сьледчы камітэт, абвінаваціўшы супрацоўнікаў АМАП у зьбіцьці.
Сілавікі на судзе патлумачылі, што яны «спрабавалі знайсьці паразуменьне з гэтымі грамадзянамі», прасілі іх выключыць музыку і зьехаць дадому. Але хлопцы працягвалі лаяцца матам, паводзілі сябе агрэсіўна, спрабавалі біцца, хапалі іх за форменную вопратку. Тады давялося выклікаць падмацаваньне. Пасьля чаго, пасьля неаднаразовых папярэджаньняў, да Ягорава, Рыбакова і Гарэлікава давялося ўжыць дручкі, газ і кайданкі.
Але пры гэтым міліцыянты сьцьвярджалі, што яны «дзейнічалі толькі ў адпаведнасьці з законам». І акцэнтавалі ўвагу суду на тым, што ўсе сілавыя дзеяньні яны зьдзяйсьнялі толькі пасьля «неаднаразовых папярэджаньняў».
Гарэлікаў, Ягораў, Пруднікаў і Каваленка паведамілі, што яны маюць намер абскардзіць рашэньне суду.
nn.by