Жыхар Віцебску Ўладзімер Баравікоў зьвярнуўся ў рэдакцыю "СБ. Беларусь сегодня" з сэнсацыйнай заявай пра тое, што ён знайшоў мэтэарыт, які праляжаў у зямлі дзесяць тысяч гадоў.
Пацьвердзіць пазаземнае паходжаньне знаходкі віцебчука Ўладзімера Баравікова, які паказаў журналістам фрагмэнт мэтэарыта, можна толькі пасьля навуковай экспэртызы, паведаміла вучоны сакратар РУП НПЦ па геалёгіі Натальля Сасіна.
Паводле спадара Баравікова, сваю знаходку ён выявіў у Лёзьненскім раёне. Непадалёк ад вёскі ён знайшоў у рэльефе западзіну даўжынёй каля кілямэтру і глыбінёй каля дваццаці мэтраў. Гэта навяло яго на думку, што гэта кратэр, які ўтварыўся пасьля падзеньня нябеснага цела. Менавіта там ён зрабіў сваю знаходку, пра якую і паведаміў у СМІ.
Паводле словаў навукоўцаў, існуе пэўная працэдура дасьледаваньня знаходак, якія могуць аказацца мэтэарытамі. Для гэтага трэба зьвярнуцца ў Навукова-вытворчы цэнтар па геалёгіі з заявай. Затым дадзеныя ўзоры дасьледуюць адмыслоўцы. Толькі пасьля гэтага можна казаць пра пазаземны характар знаходкі.
Натальля Сасіна распавяла, што бывалі выпадкі, калі ў НПЦ прыносілі кавалкі халоднай руды і сьцьвярджалі, што гэта мэтэарыты.
Таксама вучоны сакратар адзначыла, што да навукоўцаў-геолягаў пакуль ніхто не зьвяртаўся з нагоды знаходкі, зробленай у Віцебскай вобласьці. Таму спэцыялісты ня могуць камэнтаваць інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў СМІ.
sputnik.by