Пра свае ўцёкі ў Расею паведаміў сам віцебскі стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь» у артыкуле « Сіла ў праўдзе, брат», які разаслаў па інфармацыйных рэсурсах. Сяргей Рыжоў тлумачыць і сваё ранейшае зьнікненьне , пра якое яшчэ 15 студзеня паведамляў яго знаёмы лекар Ігар Пастноў. Тады Рыжову пагражаў арышт на 15 сутак, агучаны судзьдзёй Першамайскага райсуду Карабліной за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам выцьвярэзьніку 16 лістапада мінулага году.
Рыжоў сьцьвярджаў, што справу супраць яго сфабрыкавалі, і што ён сам стаў ахвярай міліцэйскага гвалту. Выйшаўшы з выцьвярэзьніку, ён зьвярнуўся да лекара Ігара Пастнова па мэдычную дапамогу, і той гатовы засьведчыць, што бачыў на целе Рыжова сьляды катаваньняў. Спадар Пастноў кажа, што пасьля прысуду Рыжоў быў у вельмі ўзбуджаным стане, а потым зьнік.
Як высьвятляецца з аповяду самога Рыжова, некалькі дзён ён дакладна не зьяўляўся дадому, а потым праходзіў лекаваньне ў псыхіятрычнай клініцы, куды зьвярнуўся зноў-такі па рэкамэндацыі Ігара Пастнова. Аднак той не хацеў паведамляць аб такіх абставінах у СМІ, каб не дыскрэдытаваць Рыжова.
Цяпер Рыжоў сам апісвае сытуацыю зь лекаваньнем у закрытым аддзяленьні №5 віцебскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя: «Дактары зрабілі ўсё магчымае, каб за кароткі тэрмін мэдыкамэнтозна падмацаваць мой зьнясілены арганізм. Але 31 студзеня мяне выклікалі да псыхоляга і пачалі патрабаваць прайсьці тэставаньне». Рыжоў адмовіўся праходзіць тэсты, бо баяўся , што яму паставяць псыхіятрычны дыягназ, згодна зь якім будуць трымаць у «псыхушцы» пажыцьцёва. Як ён піша, потым у ягоную палату зьмясьцілі двух неадэкватных асоб, каб справакаваць бойку. Таму 4 лютага ён выпісаўся зь лякарні і вырашыў пакінуць Беларусь, нават не заходзячы дадому.
Паводле тэксту артыкулу, ён накіраваўся ў Маскву. І быў расчараваны, што яго не падтрымалі замежныя праваабаронцы, у тым ліку і расейскія, на дапамогу якіх ён разьлічваў, бо баяўся перасьледу з боку беларускіх уладаў. З артыкулу вынікае, што вяртацца на Радзіму, прынамсі, найбліжэйшым часам, Сяргей Рыжоў не зьбіраецца.
Беларускі партызан