Полацкая міліцыя перашкодзіла прадстаўнікам грамадзкасьці ў правядзеньні сходу . У памяшканьні таварыства спажыўцоў 9 лістапада былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак шасьцёра грамадзян, якія ўдзельнічалі ў сходзе. Затрыманьнем кіраваў старшы лейтэнант міліцыі Міхаіл Перапечкін ў прысутнасьці работнікаў ЖКГ. Пасьля апытаньня ў міліцыі ўдзельнікаў сходу адпусьцілі.
Распавядае адзін з затрыманых удзельнікаў сходу Яўген Вільскі:
«У офісе таварыства спажыўцоў, якое выкарыстоўваецца і грамадзкай арганізацыяй “Гавары праўду”, з 15:00 праходзіў чарговы сход кааліцыі дэмакратычных арганізацыяў гораду Полацку. А 16:40 у офіс зайшлі людзі ў форме міліцыі. Апроч міліцыі ў форме, у памяшканьне ўвайшлі яшчэ некалькі прадстаўнікоў полацкага ЖКГ, як я зразумеў сярэдняга кіруючага зьвяна, яны ж выконвалі функцыі панятых і “грамадзкасьці”. Чалавек у цывільным пачаў фатаграфаваць людзей, што сядзелі. Потым, пакуль участковы тлумачыў мэту візыту, ён склаў нейкі пратакол, пад якім расьпісаліся панятыя.
Участковы выклікаў дзяжурную машыну, у якую зьмясьціліся толькі затрыманыя, і кіроўца адвёз іх у РАУС. Як дабіраліся супрацоўнікі – ня ведаю, магчыма пешшу. Ад месца затрыманьня да міліцыі каля 15 хвілін хады. Супрацоўнікі міліцыі паводзіліся досыць ветліва, пыталіся, ці ёсьць крыўды або прэтэнзіі. Пра што пыталі іншых затрыманых, я ня ведаю. Я адмовіўся даваць паказаньні, паведаміў толькі асабістыя дадзеныя. Пісьменную і своечасовую дапамогу аказалі юрысты Свабоднага прафсаюзу».
У аддзяленьні міліцыі апытвалі кожнага паасобку, астатнія чакалі ў калідоры пад наглядам аднаго з інспэктараў. Кіраваў апытаньнем старшы ўчастковы інспэктар грамадзкага пункту правапарадку мікрараёну «Цэнтар» старшы лейтэнант міліцыі Перапечкін Міхаіл Генадзевіч. Яму дапамагалі два маладыя інспэктары, якія толькі скончылі міліцэйскую школу. Усіх затрыманых адпусьцілі а палове на сёмую вечара, пратрымаўшы ў міліцыі каля дзьвюх гадзін. Перад сыходам інспэктар паведаміў затрыманым, што вынік праверкі будзе вядомы празь дзесяць дзён.
Паводле слоў міліцыянтаў, падставай да затрыманьня стала паведамленьне жыхароў пра шум у памяшканьні ў непрацоўны час. Офіс, дзе затрымалі грамадзян, знаходзіцца ў старым трохпавярховым будынку каля помніку беларускай літары «Ў» у цэнтры гораду. Першы паверх і падвальнае памяшканьне займаюць офісы грамадзкіх арганізацыў.
Прысутнасьць работнікаў ЖКГ , якія складалі пратакол, сьведчыць пра тое, што затрыманьне, магчыма, было сплянаванае загадзя. Прадстаўнікі розных грамадзкіх аб’яднаньняў Полацкага раёну ўжо год як сустракаюцца рэгулярна для абмеркаваньня сумесных дзеяньняў у грамадзкіх інтарэсах. Сярод іх сумесных дзеяньняў абарона прывакзальнага парку, лісты падтрымкі працоўнаму «Нафтану» Андрэю Гайдукову і іншыя мерапрыемствы.