У Полацку праваабаронцу Юрыю Бельскаму 23 сакавіка міліцыянты спрабавалі ўручыць позву. Юрыя запрашалі прыйсьці 24 сакавіка ў 16:00 у сьледчы камітэт.
Бельскі адмовіўся атрымліваць позву і расьпісвацца за яе атрыманьне.
Два міліцыянты прыйшлі да праваабаронцы па месцы яго жыхарства і доўга званілі і грукалі ў дзьверы. Юры адкрыў ім дзьверы, бо надакучыла слухаць гэты тлум. На лесьвічнай пляцоўцы стаялі лейтэнант і сяржант:
– Вось вазьміце, вам позва. І расьпішыцеся.
– Ня буду я нічога атрымліваць, – адказаў Юры.
– Не, ну вы вазьміце і расьпішыцеся. Можаце вось патэлефанаваць ...
– Нікуды я ня буду тэлефанаваць. Ідзіце вы, у мяне іншыя пляны на заўтра. Я заўтра буду заняты зь дзіцем цэлы дзень. Зь якой нагоды позва?
– Я ня ведаю. Нам даручылі ўручыць вам.
Юры Бельскі позву ня ўзяў, а міліцыянты сышлі, так і не выканаўшы даручэньня.
Такія ж позвы міліцыянты Полацкага РАУС разносілі і іншым полацкім грамадзкім актывістам. У прыватнасьці, вядома пра ўручэньне позвы актывісту прадпрымальнікаў полацкага рынку Генадзю Бердзянёву. Актывісту прадпрымальнікаў прапануецца прыйсьці ў Полацкі міжраённы сьледчы камітэт 24 сакавіка а 16:20.
Юры Бельскі не разумее: «Прычым тут сьледчы камітэт? Пераварот у краіне, ці што? Мо полацкае сьледзтва ўсіх грамадзкіх актывістаў падазрае ў рабаваньні ашчадкасы ў вёсцы Фарынава, зьдзейсьненае 1 сакавіка? »
Нядаўна затрыманых журналістаў Белсату апытвалі ў Полацкай міліцыі на прадмет датычнасьці да рабаўніцтва ў Фарынава.
У Полацку 26 сакавіка мяркуецца мірны народны сход.
Аляксандар Марозаў