14 кастрычніка ў будынку помпавай устаноўкі дэпарафінізацыі адкрытага акцыянэрнага таварыства «Нафтан» у Наваполацку адбыўся пажар.
Як паведамляецца на сайце МНС, сыгнал пра ўзгараньне паступіў пажарным ад дыспэчара «Нафтану» а 10:07. Разьмешчаныя на тэрыторыі прадпрыемства падразьдзяленьні ратавальнікаў здолелі прыбыць на месца надзвычайнага здарэньня праз хвіліну.
На непрацоўнай помпавай усталёўцы дэпарафінізацыі адбывалася адкрытае гарэньне растваральніку. Пажар удалося лякалізаваць а 10:25, а яшчэ праз 12 хвілін пажарныя цалкам ліквідавалі гарэньне.
Цяпер высьвятляецца прычына пажару. Пацярпелых няма, на працу заводу тое, што здарылася не паўплывала, бо ўстаноўка была спыненая на рамонт з 6 кастрычніка.
Нагадаем, што ў чэрвені ў цэху №104 адкрытага акцыянэрнага таварыства «Нафтан» адбылося ўзгараньне гаручых газаў, пажар не маглі патушыць некалькі дзён. Па гэтым факце ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці распачатая крымінальная справа.
news.vitebsk.cc