Турфірма «Бефана», якая больш за 10 гадоў існуе ў Віцебску, закрытая. Больш за 35 заяў прыняў АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС Віцебску. Ашуканыя кліенты пазбавіліся ўжо аплачанага адпачынку, прычым некаторыя мусілі адправіцца за мяжу ўжо найбліжэйшымі днямі.
Супрацоўнікі турфірмы не бяруць слухаўку ні па адным з нумароў, пазначаных на сайце. На зачыненых дзьвярох вісіць абвестка.
Некаторыя пішуць пра тое, што няўдалыя турысты ўжо ў аэрапорце даведаліся пра адмену свайго адпачынку. У ліку пацярпелых – людзі, якія ўжо аплацілі ўвесь тур альбо яго частку, але яшчэ не атрымалі ніякіх дакумэнтаў ад турфірмы, якія пацьвярджаюць бронь.
Жвавае абмеркаваньне гэтай падзеі ідзе ў сацсетках. Ашуканыя кліенты абвінавачваюць дырэктара турфірмы «Бефана» Тацяну Новікаву ў махлярстве і крадзяжы грошай. Тым ня менш многія ня могуць паверыць у вінаватасьць жанчыны, якая цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі пасьля няўдалай спробы суіцыду. Як нам паведамілі, дырэктарка турфірмы перарэзала вены і горла, але мэнэджэр, якая знайшла яе ў офісе, своечасова выклікала хуткую. Цяпер стан Тацяны Новікавай цяжкі.
Паводле інфармацыі, разьмешчанай у абвестцы турфірмы, грошы зь яе рахункаў скрадзеныя. Выказваюцца розныя вэрсіі таго, што адбылося: пра тое, што сродкі маглі выкрасьці супрацоўнікі фірмы, сама дырэктар вымушаная была пералічыць грошы на патрабаваньне мафіі альбо ў кошт выплаты буйных запазычанасьцяў. Аднак з тым, хто ж вінаваты ў крадзяжы сродкаў, найбліжэйшым часам будзе разьбірацца сьледзтва.
А што ж рабіць ашуканым кліентам турфірмы, вылеты якіх яшчэ далёка? Перш за ўсё, напісаць заяву ў міліцыю. Самастойна альбо праз праваахоўныя органы зьвязвацца з агентамі або з апэратарам і прасіць ануляваць туры. Тэарэтычна пры правільна складзеным лісьце ёсьць шанцы вярнуць хаця б частку грошай. Магчыма, пазьней нешта праясьніць сама турфірма.
Аня Шчарбіцкая, vkurier.by
Фота аўтара