Палачанін Руслан Трубкін, які адбывае «лекаваньне» ў ЛПП-8 Наваполацку, наглытаўся цьвікоў на знак пратэсту за адмову ў датэрміновым вызваленьні. Пасьля тэрміновай апэрацыі ў шпіталі пацярпелага вярнулі назад у ЛПП і замкнулі на 10 сутак у ізалятары. Адміністрацыя ЛПП сьцьвярджае, што са здароўем Руслана ўсё ў парадку.
Руслан Трубкін быў зьмешчаны ў лячэбна-працоўны прафілякторый (ЛПП) №8 гораду Наваполацку 11 сьнежня 2015 году тэрмінам на адзін год. Руслан жанаты і мае чатырох малалетніх дзяцей: старэйшаму 8 гадоў, малодшаму – 3. У ЛПП патрапіўшы ўпершыню, Руслан жахнуўся ўмовам утрыманьня, усьвядоміў сваю няправасьць і стараўся выконваць усё, што патрабуецца ў ЛПП. Ён добрасумленна хадзіў на працу, але яго праца практычна не аплачвалася. Так, згодна з даведкай, выдадзенай у ЛПП, Руслан за два месяцы зарабіў 907 недамінаваных рублёў (гэта кошт двух пачкаў запалак).
Жонка Руслана, Людміла, пайшла на прыём да начальніка ЛПП Восіпава Паўла Пятровіча і яго намесьніка Гуцула Яўгену Ягоравічу і прасіла іх забясьпечыць мужа працай, таму што трэба ўтрымліваць чацьвярых малалетніх дзяцей. Начальнікі абяцалі даць Руслану больш аплачваную працу, але прымальнага заробку Руслан так і не атрымаў. Таму ён меў вялікія надзеі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне (УДВ) пасьля паўгода знаходжаньня ў ЛПП, гэты тэрмін надыходзіў 11 чэрвеня.
Паводле слоў жонкі і калегаў Руслана Трубкіна па ЛПП, за паўгода ён ня меў ніякіх парушэньняў. Больш таго, нават была падзяка ад адміністрацыі. Жонка падрыхтавала ўсе патрэбныя дакумэнты на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне: напісала хадайніцтва начальніку ЛПП-8, атрымала пісьмовую згоду ўчастковага міліцыянта, умалёгала мужа закадавацца ад алькагольнай залежнасьці.
Вось толькі начальнік атраду №11 Панкрат Аляксандар Міхайлавіч пачаў ставіцца да Руслана зь непрыязнасьцю: яго абурыла, што жонка апошняга хадзіла на прыёмы да начальнікаў ЛПП і прасіла даць яе мужу годную зарплату. Начальнік атраду пачаў чыніць Рулану пастаянныя непрыемнасьці і прыгразіў, што дасьць яму дрэнную характарыстыку.
Пытаньне наконт УДВ разглядалася 28 ліпеня, і Руслану Трубкіну было адмоўлена ў датэрміновым вызваленьні. Гэткае несправядлівае рашэньне камісіі па УДВ выклікала эмацыйны шок у Руслана, дык што ён наважыўся на прычыненьне шкоды свайму здароўю і наглытаўся зялезных цьвікоў. Трубкіна тэрмінова даставілі ў шпіталь, дзе з дапамогай зонда і магніта дасталі цьвікі са страўніка. Пасьля гэтай апэрацыі яго вярнулі ў ЛПП і ўжылі меру пакараньня: зьмяшчэньне ў пакой ізалятару на дзесяць сутак.
Жонка і маці Руслана Трубкіна зь цяжкасьцю здабывалі інфармацыю, што адбылося з Русланам і дзе ён знаходзіцца пасьля страшнага здарэньня, практычна спробы суіцыду. Адміністрацыя ЛПП сьцьвярджае, што са здароўем Руслана ўсё ў парадку. Людміла Трубкіна мае намер напісаць скаргу ў пракуратуру, каб прайшло расьсьледаваньне правамернасьці адмовы камісіі ў ЛПП №8 на датэрміновае вызваленьне яе мужа Руслана, што стала прычынай здарэньня.
Аляксандар Марозаў