У Віцебску спрабавалі прагнаць пікет БХД ля крамы «Ніка», які стаяў у падтрымку прамоўцы хрысьціянскіх дэмакратаў Алены Шабуні. З крамы выйшаў ахоўнік і прапанаваў сысьці. Яму патлумачылі, што пікет тут не забаронены, актывістка Тацяна Севярынец паказала раздрукоўку пастановы гарвыканкаму аб забароненых месцах.
«Не магу ўявіць, аб чым думае гаспадар крамы, калі давярае такім людзям ахову крамы і ўсяго, што там ёсьць, калі ахоўнік проста не разумее элемэнтарных рэчаў і нават надрукаваны тэкст зразумець ня можа. Празь некалькі хвілін пасьля размовы з ахоўнікам прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Усё ж такі патэлефанаваў у Чыгуначны РАУС, хаця мы яму прапаноўвалі паклікаць загадчыка крамы. Добра ведаю, што ўчастковыя інспэктары загружаныя працай больш, чымся трэба. Ахоўніку крамы пашчасьціла, што маёр міліцыі ня склаў на яго пратаколу за фальшывы выклік», – адзначыла Алена Шабуня.
Паводле слоў Алены Шабуні, часам людзі падыходзяць да пікетаў, ідучы проста на бел-чырвона-белы сьцяг. «На жаль, такіх было няшмат. Да большасьці мінакоў пікетоўцы самі зьвярталіся, прапаноўвалі пазнаёміцца з інфармацыяй і падтрымаць. Рэакцыя была розная: некаторыя адгукаліся на прапанову, вывучалі інфармацыю і падтрымлівалі, некаторыя выбачаліся, што сьпяшаюцца. Але вельмі шмат было людзей, якія рабілі выгляд, што ня бачаць пікетоўцаў і ня чуюць, як іх вітаюць», – распавяла яна.
Было і некалькі сталых жанчын, якія паставілі самі подпісы, а потым запрашалі іншых людзей зьвярнуць увагу на інфармацыю на стэндзе і падтрымаць. «Некаторыя казалі, што баяцца падтрымаць незалежных кандыдатаў, бо страцяць працу. Іншыя рабілі выгляд, быццам бы яны нікога ня хочуць падтрымаць, бо нікому ня вераць, але і за гэтым хаваўся страх. Мужчына, на выгляд гадоў гэтак за 50, адказаў: “Я нікога не падтрымліваю і нікому ня веру, нават Лукашэнку”», – сказала ў працяг расповеду Алена Шабуня.
bchd.info