Трое 17-гадовых студэнтаў Лужасьнянскага аграрнага каледжу, марачы зарабіць ўласныя грошы, паехалі ў Падмаскоўе. Адпраўка падлеткаў за мяжу зьдзяйсьнялася праз моладзевую арганізацыю «БРСМ», якая дамаўлялася зь месцам працы ў Расеі і афармляла дакумэнты. У выніку падлеткі ледзь змаглі вярнуцца на Радзіму, а справа скончылася зваротам у пракуратуру.
Студэнтам абяцалі па 14 000 расейскіх рублёў за месяц працы, але, паводле словаў мамы аднаго зь дзяцей, у рэчаіснасьці ўсё выявілася інакш: непаўнагадовых, якія што паводле беларускіх, што паводле расейскіх законаў ня могуць працаваць поўны дзень, змушалі працаваць звышурочна і па выходных. У адваротным выпадку на дзяцей крычалі і пагражалі паменшыць аплату. За працу налічвалася 180 расейскіх рублёў на дзень (што пры 20 працоўных днях у месяц складае з3 600 замест абяцаных 14 000 расейскіх рублёў).
Бацькі, падтрымліваючы сувязь зь дзецьмі праз тэлефон, былі ў шоку: дзеці, адпраўленыя за мяжу празь дзяржаўную арганізацыю, фактычна апынуліся ў працоўным рабстве. Падлеткі перажылі ня вельмі добрыя побытавыя ўмовы. Адсутнасьць кантролю за непаўнагадовымі з боку кіраўніцтва прывяла бацькоў у жах: расьпіваньне сьпіртных напояў, прагулкі ў горад і цесныя зносіны з таджыкамі ніяк не прыціналіся.
Паводле расповеду пацярпелых, калі ў адной са студэнтак скралі ўсе прывезеныя з дому грошы, «кіраўніцтва» адмовілася паведамляць у паліцыю. Выявілася (гэта паводле словаў расейскага начальства), дзеці знаходзяцца ў іх нелегальна і па дакумэнтах зарэгістраваныя як практыканты. Віцебскія падлеткі не засталіся жыць у такіх умовах, і было прынятае рашэньне забраць іх дадому.
Дарослы брат аднаго з хлопчыкаў зь пісьмовым дазволам бацькоў забраць непаўнагадовых дзяцей пераадолеў нямала цяжкасьцяў, перш як вярнуцца дадому. Паводле словаў мамы аднаго зь дзяцей, супрацоўніца гэтай «шарашкінай канторы» схавала пашпарты і зачыніла аднаго з падлеткаў. На шчасьце, дзеці ў выніку вярнуліся да бацькоў. Усе тры сям'і нацэленыя на разьбіральніцтва і хочуць, каб вінаватыя адказалі за свае дзеяньні паводле закону.
Аня Шчарбіцкая, vkurier.by