100 бюлетэняў дадалося на ўчастку № 61 Першамайскага раёну ў ноч пасьля першага дня датэрміновага галасаваньня. Прынамсі, пра гэта сьведчаць пратаколы ўчастковай камісіі.
Загадкавую зьяву ўдалося сфатаграфаваць праваабаронцу Паўлу Левінаву. Ён апавёў: «Увечары 6 кастрычніка на ўчастку № 61 пасьля першага дня датэрміновага галасаваньня ўчастковая камісія мела 2050 бюлетэняў – так было запісана ў пратаколе. Добра, што я яго сфатаграфаваў! Бо раніцай 7 верасьня, перад пачаткам другога дня датэрміновага галасаваньня, пратакол быў ужо іншы – і ў ім колькасьць атрыманых бюлетэняў ужо 2150 штук. Якім чынам камісія „даатрымала“ за ноч 100 бюлетэняў, для мяне загадка!»
Павал Левінаў кажа, што нават не спрабаваў дамагчыся тлумачэньняў гэтага факту: «А што мне могуць сказаць? Што памыліліся ў падліках бюлетэняў? Або памыліліся, запісаўшы ня тую лічбу? Адно за адно ня лепей: атрымліваецца, яны й галасы так падлічваюць! Туды лічба, сюды лічба, тут забыліся, там пераблыталі, і ўвогуле ня так налічылі... І пасьля такіх во пратаколаў выбаршчыкаў пераконваюць, што ў камісіі бяруць самых дасьведчаных, самых падрыхтаваных, самых уважлівых і справядлівых. Мяне вось, прыкладам, у ніводную выбарчую камісію не ўзялі. Бо ведаюць: я пратаколы па два разы ні складаць, ні падпісваць ня буду!»
Радыё Свабода