Віцебская абласная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналістцы за нібыта супрацоўніцтва з замежным СМІ, якога не існуе ўжо 10 гадоў.
Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
20 жніўня Сьцяпанава мела размову з пракурорам Зайцавым, які ўручыў ёй пісьмовае папярэджаньне за подпісам намесьніка пракурора вобласьці Г.А. Каранько.
“Пракуратурай вобласьці пры ажыцьцяўленьні надзору за выкананьнем заканадаўствам і законнасьцю прававых актаў устаноўлена, што Вамі ў бягучым годзе на тэрыторыі Віцебскай вобласьці неаднаразова ажыцьцяўлялася падрыхтоўка аўдыё- і відэаматэрыялаў, а таксама інтэрв’юяваньне насельніцтва з мэтай падрыхтоўкі рэпартажаў, якія потым разьмяшчаліся ад імя замежнага СМІ (чэскай рэдакцыі “Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода”) на адпаведным інтэрнэт-сайце”, – гаворыцца ў паперы.
Пракурор Зайцаў не патлумачыў журналістцы, хто праводзіў праверку і якім чынам здабываліся зьвесткі. Паказаў толькі раздрукоўку апытаньня, якое праводзілася ў 2008 годзе, дзе Алена Сьцяпанава як незалежная журналістка дзялілася з калегамі сваім меркаваньнем. Сказаў, што гэта зьяўляецца доказам супрацы журналісткі з замежным СМІ.
Алена Сцяпанава будзе абскарджваць афіцыйнае папярэджаньне.
“Чэшская служба Радыё “Свабода”, наколькі мне вядома, спыніла працу ў 2002 годзе. Таму я фізычна не магу зь ёй супрацоўнічаць”, - кажа яна.
Алена стала 11-й па ліку журналісткай, якую афіцыйна папярэдзілі ворганы пракуратуры ў 2012 годзе. Толькі ў жніўні было трое папярэджаных. Апроч Сьцяпанавай – Тацьцяна Белашова і Генадзь Барбарыч, паведамляе прэс-служба ГА "БАЖ".