Невядомыя агітатары наведваюць бюджэтныя арганізацыі Віцебску і агітуюць за далучэньне да Расеі. Пра гэта сайту charter97.org распавёў адзін з чытачоў: «Надоечы, да нас на працу ў бюджэтную арганізацыю прыйшоў незвычайны наведвальнік, жанчына гадоў сарака, прыстойна апранутая. Яна пачала весьці агітацыю за Расею, распавядаць, што за ёй будучыня, аб далучэньні да арганізацыі, якую яна прадстаўляе».
«Калі шчыра, мы яе спачатку зусім не зразумелі, настолькі нечаканай была яе прапаганда, але потым яна стала раздаваць яшчэ і ўлёткі, газэты і агіткі», - піша аўтар допісу. Фота агітацыйных матэрыялаў чытач даслаў у рэдакцыю.
«Больш за ўсё зьдзівіла тое, што жанчына з запалам даводзіла, што гэта ня сэкта, а зарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя - працягвае ён. - што пры праглядзе агіткі і відаць - пасьведчаньне Міністэрства юстыцыі РФ! Гэты «дакумэнт» наогул заслугоўвае на асобны разгляд, асабліва на тле таго, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, сваімі цынічнымі выказваньнямі і здагадкамі, якія падаюцца, як адкрыцьці. Мяркуючы па добра адпрацаваным дзеяньням гэтай замбаванай асобы, склалася ўстойлівае меркаваньне аб плянамернай працы ў нашым горадзе. Мо' такое адбываецца ня толькі ў нас? Вельмі б хацелася праверыць, што гэта за арганізацыя і хто яе курыруе, мэты, фінансаваньне?»
Нагадаем, апошнім часам пачасьціліся выпадкі распаўсюджваньня ў Беларусі расейскай сымболікі. Невядомыя асобы пры папушчальніцтве міліцыі і афіцыйных уладаў масава раздаюць сьцягі суседняй дзяржавы на вуліцах гарадоў краіны.