Прыхільнікі кампаніі «Дэпутатаў - да адказу» зь Віцебску распачалі кампанію «Віцебчукі супраць высокіх бардзюраў!». Яны вырашылі праверыць, ці адпаведаюць нормам пешаходныя пераходы і ходнікі Віцебску. Згодна з гэтымі нормамі, вышыня бартавых камянёў праезнай часткі ў месцах скрыжаваньня з ходнікамі і роварнымі дарожкамі павінна быць ад 2,5 да 4 цантымэтраў.
Яны зьвярнуліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і мясцовы гарвыканкам з калектыўнымі лістамі, дзе выклалі свае прэтэнзіі. Адказ з выканкаму ўжо атрыманы, але ён несуцяшальны. У лісьце за подпісам старшыні Баранскага гарвыканкаму Васіля Русакова сказана толькі пра тое, што будоўля ЦЭЦ на мясцовых відах паліва прадугледжаная праграмай разьвіцьця энэргетычнай сыстэмы ў Беларусі, прынятай у 2007 годзе, і што «ўзровень забруджваньня выкідамі ў атмасфэру і сьцёкамі адпавядае нормам».
Паводле зьвестак, распаўсюджаных у СМІ, на чарговай сэсіі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць разгледжаныя папраўкі ў Выбарчы і Адміністрацыйны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Згодна з наяўнай інфармацыяй, будзе забароненая агітацыя за байкот выбараў, а за ажыццяўленне такой агітацыі будуць прадугледжаныя адміністрацыйныя санкцыі. У сувязі з гэтым ў Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў зьвярнуўся старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Былы абаронца футбольнага клюбу “Віцебск” Аляксей Халецкі прыгадаў час, праведзены ў клюбе. І распавёў пра падман чыноўнікаў наконт спартыўнай Віцебскай вобласьці: “Непрыемна зьдзівіла, што ашукалі ўвесь калектыў наконт грошай. І была абыякавасьць да каманды з боку мясцовых уладаў. Гэткай чынавенскай абыякавасьці да футбола я не сустракаў у ніводнай камандзе, дзе гуляў. Корань праблем віцебскага спорту ў тым, што працаўнікі аблвыканкаму і гарвыканкама абыякавыя да гульнявых відаў. А замест дапамогі футболу яны прыкрываюцца нейкімі мэдалямі па відах спорту, якія мала каму цікавыя”.
Віцябчук Пётар Іваноў накіраваў скаргу на дзеяньні службовых асоб дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на адрас спадарыні Маргарат Сэкаг’і, спэцдакладчыка Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньні аб сытуацыі з праваабаронцамі. Ён просіць прызнаць, што службовыя асобы дзейнічалі ў адносінах да яго як праваабаронцы недапушчальным чынам, супярэчачы духу і літары «Дэклярацыі аб праве і абавязку пэўных асоб, груп і органаў грамадзтва падтрымліваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды».
21 жніўня ў другой палове дня судзьдзя Дзегцярова суду Віцебскага раёну на падставе рашэньня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіi (УКК) і са згоды Віцебскай гарадзкой пракуратуры ў прысутнасьці намесьніка галоўнага ўрача па мэдычнай частцы па псыхіятрыі УАЗ Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі І. Панамарова вынесла пастанову аб прымусовым псыхіятрычным лячэньні Ігара Пастнова. Паседжаньне суду праходзіла без удзелу грамадзкасьці, прадстаўніка пракуратуры, законнага абаронцы, самога спадара Пастнова і яго блізкіх сваякоў.
Дэпартамэнт выкананьня пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь ня даў дазволу незалежнаму журналісту наведаць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. З адпаведнай заявай зьвярнуўся ў дэпартамэнт віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Мардзьвінцаў. «Кіраўніцтва дэпартамэнту лічыць немэтазгодным наведваньне Вамі папраўчых калёніяў крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС Рэспублікі Беларусь», – паведаміў заяўніку першы намесьнік начальніка ДВП С.І. Працэнка.
У Віцебску на плошчы Перамогі 15 жніўня супрацоўнікі праваахоўных органаў адзначалі 95-годзьдзе з дня ўтварэньня Віцебскай губэрнаскай міліцыі. Жыхары абласнога цэнтру змаглі пабачыць узоры міліцэйскай тэхнікі і ўзбраеньняў мінулых дзесяцьцігодзяў. Дапаўнялі карціну міліцыянты, апранутыя ў форму савецкіх часоў.
Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці, атрымаў адказ на калектыўны ліст ад намесьніка старшыні аблвыканкаму А. Дзівуліна. Больш як 40 мясцовых жыхароў прасілі адмяніць рашэньне гарвыканкаму наконт парадку правядзеньня масавых акцыяў. Адказ чыноўнікаў аблвыканкаму – адмоўны.
Доктар Ігар Пастноў, які супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі мэдыямі і ня раз крытыкаваў мясцовыя ўлады на чале з губэрнатарам Аляксандрам Косінцам за занядбаны стан мэдыцыны ў рэгіёне і карупцыю, прымусова зьмешчаны ў закрытае аддзяленьне № 2 Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі – менавіта ў гэтай установе ён працаваў. Каб зьмясьціць лекара ў вар’ятню, да яго прыйшлі на працоўнае месца і прад’явілі адпаведную пастанову пракурора.