Праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца пачатку адміністрацыйнага працэсу ў дачыненьні да газэты «Аптечка Еламеда». На думку Левінава, выдаўцы і распаўсюджвальнікі газэты, якая зарэгістраваная ў Расеі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за яе незаконны выраб і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Аўтарамі заявак, пададзеных у адміністрацыі ўсіх трох раёнаў Віцебску, зьяўляюцца сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў і Пятро Сарапеня. Мэта меркаваных акцыяў: публічнае асуджэньне расейскіх камуна-фашысцкіх агрэсараў, якія напалі на незалежную сувэрэнную Ўкраіну. Пікеты мусяць прайсьці з 22 па 24 верасьня.
Дзеля дапамогі вымушаным мігрантам з Украіны ў Віцебску створаная валянтэрская суполка «УКантакце», якая супрацоўнічае з абласной арганізацыяй Чырвонага Крыжа. Назва суполкі - «Беларусь. Дапамога ўцекачам Віцебск Віцебская вобл.», яе мэта - падтрымка перасяленцаў з Украіны, якія прыехалі ў Віцебскі рэгіён. У суполцы разьмяшчаюцца паведамленьні як ад саміх украінскіх грамадзян, накшталт «Маладая сям'я ўцекачоў з Данецку прыме ў дар ўсё неабходнае для жыцьця! Жывем недалёка ад Воршы, Межава, хатку далі зусім пустую», так і ад беларусаў, якія прапануюць канкрэтную дапамогу.
Тыповую для вязьняў з савецкіх часоў працу атрымаў у калёніі «Віцьба-3» палітвязень Ігар Аліневіч. Ягоны бацька Ўладзімер Аліневіч яшчэ дакладна ня ведае, што менавіта робіць ягоны сын, якога ў «Віцьбу-3» перавялі толькі ў ліпені: «Нешта робіць на дрэваапрацоўцы, але што дакладна, ня ведаю. У нас жа пакуль не было ані доўгатэрміновага, ані кароткага спатканьня. Вось падчас першага ў гэтай калёніі спатканьня распытаем больш падрабязна, што робіць. Пакуль ведаю, што з дрэвам працуе».
З 12 па 14 верасьня ў Віцебску праходзіла габрэйская міжнародная адукацыйна-культурна-забаўляльная канфэрэнцыя «Арт-Лимуд Беларусь». Гэтае мерапрыемства адбывалася ў Віцебску ўжо другі раз і сёлета сабрала значна больш удзельнікаў: каля 650 чалавек прыехалі зь Беларусі, Украіны, Расеі, Вялікай Брытаніі, Ізраіля, ЗША і шэрагу іншых краін, перад якімі выступілі больш за сто прамоўцаў, сярод якіх шмат вядомых дзеячаў культуры.
Кіраўнік прадстаўніцтва агенцтва "Россотрудничество" Віктар Малашэнка сустрэўся з працоўным калектывам і навучэнцамі аршанскай школы №8. Ён павіншаваў школу з 60-годзьдзем. Апроч таго, Малашанка падарыў школе больш за 260 кніг па гісторыі, культуры і мэтодыцы выкладаньня. "Россотрудничество" - расейскае фэдэральнае агенцтва па справах Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой, міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве.
Антыалькагольная кампанія ў Беларусі чамусьці зьвернутая да расейцаў і праходзіць пад грыфам «Нас забіваюць!». Чытач сайту charter97.org даслаў у рэдакцыю фота са стэнду праваслаўнай царквы ў Чашніках. У аб'явах гаворыцца пра колькасьць расейцаў у Расеі і пра шкоду алькаголю, тытуню і наркотыкаў.
Для ўдзелу ў імпрэзе прыбылі амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал з дэлегацыяй гэтай краіны. Спачатку госьці наведалі Глыбокае, дзе на Алеі знакамітых землякоў стаіць бюст адраджэнцу іўрыту Эліэзэру Бэн-Егудзе. Ён у свой час паўтара года вучыўся ў Глыбокім, адсюль былі яго першая і другая жонкі.
Жылы дом з 80-гадовай гісторыяй спыніў сваё існаваньне. Тое, што не змаглі зрабіць немцы за тры гады акупацыі і час за 80 гадоў, за два тыдні зрабілі цяперашнія гарадзкія ўлады. Дыхтоўны дом з тоўстымі цаглянымі сьценамі пятнаццаць дзён супраціўляўся будаўнічай тэхніцы.
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску!» Ігар Случак зьвярнуўся да дэпутатаў Нацыянальнага сходу, якія нарадзіліся па-за Беларусьсю, з прапановай выступіць з заканадаўчай ініцыятывай пра унясеньне зьменаў у закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», якія б дазволілі пашырыць ужываньне беларускай мовы ў афіцыйных зносінах з чыноўнікамі. Адным з адрасатаў прапановы стала дэпутат ад Полацкай гарадзкой акругі № 28 Натальля Гуйвік (на фота), у мінулым судзьдзя Полацкага гарадзкога суду, якая нарадзілася ў г. Кіраве (Расея).