29 траўня віцебскія актывісты добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр сталінізму каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Тут у 1930-50-я гады адбываліся расстрэлы мірных грамадзян.
Абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да кіраўнікоў навучальных ўстановаў Віцебску з заявамі, у якіх прасіў даць магчымасьць інфармацыйна-прапагандысцкай групе партыі правесьці сустрэчы з работнікамі ўстановаў. Вынік чаканы: на ніводную з 54-х заяў не было атрымана станоўчага адказу. Але нечаканасьцю стала іншая акалічнасьць: высьветлілася, што працаўнікі на ніве асьветы дрэнна ведаюць законы.
Камітэт па правох чалавека ААН прыняў яшчэ адно рашэньне, у якім прызнаў Рэспубліку Беларусь парушальніцай грамадзянскіх і палітычных правоў жыхароў краіны. Згодна з чарговым рашэньнем камітэту, у 2007 годзе наваполацкі суд несправядліва пакараў мясцовых актывістаў Валера Шаўчэнку (35 базавых велічынь) і Антона Ясіновіча (25 базавых велічынь) за нібыта парушэньне Выбарчага кодэксу.
Студэнтка Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ганна Папкова адмовілася супрацоўнічаць з КДБ. Пра гэта яна распавяла ў аўтаінтэрвію і выклала відэа ў інтэрнэт. Супрацоўнік КДБ прыйшоў да дзяўчыны ва ўнівэрсытэт і паспрабаваў завербаваць. Ёй прапаноўвалася “стучаць” на чалавека, які мае дачыненьне, на думку КДБ, да выбуху ў Віцебску. Гаворка вядзецца пра выбух, які прагрымеў ля будынку КДБ у Віцебску 11 лістапада мінулага году. Ніхто не пацярпеў. У злачынстве абвінавачваецца 42-гадовая жанчына, жыхарка Віцебску.
17 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску завяршылася разьбіральніцтва па справе з цалкам прадказальным вынікам. Мяркуйце самі: звычайная пэнсіянэрка падала пазоў на кампэнсацыю калісьці канфіскаванай у яе вышыўкі. Але гэтая простая справа звычайнай віцебскай пэнсіянэркі можа мець для Беларусі ня толькі палітычны, але і велізарны эканамічны эфэкт. Бо за сьпіной у пэнсіянэркі стаіць ня толькі праўда, але і Камітэт па правох чалавека ААН.
Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас, упершыню судзячы дэмакратычных актывістаў, прысудзіла 17 траўня сябрам партыі БНФ Леаніду Аўтухову і Кастусю Смолікаву па 30 базавых велічыняў (па 3 мільёны) штрафу на кожнага.
Па 20 базавых велічыняў штрафу прысудзілі віцебскім актывістам Яну Дзяржаўцаву і Віталю Каваленку. Іх абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.
Трынаццатая абласная ваенна-спартовая гульня “Зарніца”, прысьвечаная 68-й гадавіне перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне, стартуе 16 траўня ў Віцебску, паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Удзельнікамі спаборніцтваў стануць каля 25 каманд па 7 чалавек кожная, якія прадстаўляюць установы адукацыі рэгіёнаў вобласьці. Дзеці паспаборнічаюць у марш-кідку зь перашкодамі (даўжыня дыстанцыі 1500-2000 м).
Старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандар Зазуля ад імя дэпутатаў – сябраў камісіі падзякаваў Леаніду Сьвеціку за праяўленую ім ініцыятыву і актыўную жыцьцёвую пазыцыю. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка законапраекту «Аб унясеньні зьменаў у Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь», і праваабаронца накіроўваў у парлямэнт прапанову аб тым, якія зьмены, на яго думку, варта зрабіць.
Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.