Афіцыйная абласная газэта "Народнае слова" пайменна ўзгадала патэнцыйных кандыдатаў, блізкіх да ўлады, а наконт астатніх абышлася адным сказам.
У артыкуле ад 25 ліпеня "Прэтэндэнты пайшлі ў народ" гаворыцца, што "сярод прэтэндэнтаў апынулася нямала народных выбраньнікаў мясцовых Саветаў". У тэксьце пералічваюцца прозьвішчы дзесяці прэтэндэнтаў, у прыватнасьці, дэпутатаў абласнога Савету віцебскага настаўніка матэматыкі Міхаіла Волкава, дырэктара Віцебскай кадэцкай вучэльні Уладзіміра Шыцько, дырэктара мэдыцынскага каледжу Аляксандра Цацохі.
Афіцыйны ворган аблвыканкаму ўзгадвае таксама дэпутата Віцебскага гарсавету Сяргея Бохана (намесьнік начальніка Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі), старшыняў Полацкага і Аршанскага гарсаветаў дэпутатаў Натальлю Гуйвік і Людмілу Дабрыніну, кіраўнікоў Лепельскага, Аршанскага і Шаркоўшчынскага райвыканкамаў – адпаведна Пятра Шыкшняна, Уладзімера Дзедушкіна і Мечыслава Морхата.
Асаблівы акцэнт робіцца на зьяўленьне ў сьпісе патэнцыйных кандыдатаў намесьніка начальніка абласнога УКДБ Васіля Папко.
Астатнім прэтэндэнтам прысьвячаецца ўсяго адзін сказ у канцы артыкулу. Пра іх гаворыцца як бы між іншым: "Сярод патэнцыйных кандыдатаў пакуль восем чалавек палічылі неабходным заявіць аб сваёй партыйнасьці, так што ў выбарчай гонцы ўжо ўдзельнічаюць па чатыры сябры Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і Партыі БНФ".
Прозьвішчы апанетаў праўладных прэтэндэнтаў не называюцца, што ставіць іх у вачах звычайных чытачоў-выбарцаў у заведама пройгрышнае становішча. У дадзеным кантэксьце такі прыём успрымаецца як непрыхаваная агітацыя і парушэньне выбарчага заканадаўства, бо агітацыйная кампанія яшчэ не пачалася.
Цікава, што гарадская газэта "Віцьбічы" (афіцыйны рупар Віцебскага гарвыканкаму) ў артыкуле, які зьявіўся ў той жа дзень, наогул не называе ніякіх прозьвішчаў. Але кажа пра зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы 36 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, у той час як "Народнае слова" падае лічбу 35.