Апошнюю адмову ад адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску атрымалі Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў. 29 кастрычніка яны хацелі правесьці пікет салідарнасьці з палітвязьнямі. Каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў падрыхтавалі заяўку такім чынам, каб у раённых уладаў было найменей падставаў адмовіць.
Пікет салідарнасьці з палітвязьнямі быў прызначаны на будзённы дзень, бо перадапошнім разам актывістам не ўдалося заключыць дамову на абслугоўваньне акцыі з мэдыкамі. З цэнтральнай гарадзкой паліклінікі адказалі, што ў выходныя няма магчымасьці арганізаваць дзяжурства машыны хуткай дапамогі, бо іх на працы і так нямнога.
“Гэтым разам мэдыкі адмовілі нам ізноў. Але ўжо не згадаўшы аніякае прычыны наогул – папросту напісалі, што немагчыма заключыць з намі дамову, дый усё! Зь міліцыі на наш запыт мы наогул не дачакаліся адказу. Прынамсі, ліст пра забарону акцыі зь Першамайскай раённай адміністрацыі мы ўжо атрымалі, а з управы МУС – не. Хаця лісты па адказных структурах мы разаслалі раней, чымся падавалі заяўку. Такім чынам, з усіх адрасатаў станоўчы адказ мы атрымалі толькі ад структуры ЖКГ, яны ня супраць заключыць з намі дамову на прыборку пасьля пікету”, - распавёў Аляксей Гаўруцікаў.
Папярэдняе заключэньне дамоваў на абслугоўваньне акцыяў рэглямэнтаванае рашэньнем гарвыканкаму №881 “Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску”. Яно было прынятае тры з паловай гады таму, і з тае пары ў Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы апазыцыйных актыістаў. Хаця колькасьць пададзеных за гэты час заявак сягае ўжо за паўсотні, працягвае спадар Гаўруцікаў:
“У 2011 годзе мы са спадаром Жаляпавым падавалі заяўкі штомесяц. У мінулым годзе, можа, крыху радзей. Сёлета – зноў штомесяц. Апрача нас, актыўна падаюць заяўкі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, праваабаронцы. Адным словам, штук 50 заявак дакладна было пададзена. Але – беспасьпяхова. Бо рашэньне гарвыканкаму выканаць нікому не ўдаецца: адказныя структуры – а гэта міліцыя, ЖКГ і мэдыкі – адмаўляюцца з намі супрацоўнічаць, спасылаючыся на розныя прычыны. А то і наогул без тлумачэньняў, як апошнім разам, калі нам забаранілі праводзіць пікет салідарнасьці з палітвязьнямі”.
Віцебскія актывісты лічаць, што рашэньне гарвыканкаму стала перашкодай для рэалізацыі права на свабоднае выказваньне думак і права на мірныя сходы. Неаднаразова яны зьвярталіся ў гарвыканкам і аблвыканкам, каб зьмяніць рашэньне №881. Але ўлады не пагаджаюцца. Не дапамагаюць і звароты ў суд з тым, каб змусіць адказныя структуры да заключэньня дамоваў: суды не падтрымліваюць патрабаваньняў актывістаў. Судзьдзі цьвердзяць, што заключэньне дамоваў для апазыцыянераў – справа абавязковая, а для дзяржаўных структураў – не, і таму яны могуць адмаўляцца ад супрацоўніцтва. Зьвярнуцца ў нейкія альтэрнатыўныя службы таксама не выпадае: у рашэньні гарвыканкаму “Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску” дакладна прапісана, што дамаўляцца трэба толькі з канкрэтнымі ўстановамі, і ніяк інакш.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”