У касах канцэртнай залі «Віцебск» кажуць, што на «Духоўныя гутаркі» Івана Ахлабысьціна, імпрэзу, якая мае адбыцца 12 кастрычніка, усе квіткі былі прададзеныя яшчэ тыдні два таму. «Што ж вы сьпіце ўсе? Цяпер пільнуйце — можа, хто здаваць будзе», — параіла касір. Квіткі на «Духоўныя гутаркі» Ахлабысьціна каштавалі ад 120 да 280 тысяч рублёў. Вялікая заля КЗ «Віцебск» разьлічаная на 1100 глядацкіх месцаў.
Апошнім часам Іван Ахлабысьцін, акцёр, рэжысэр і былы сьвятар праваслаўнай царквы, набыў вядомасьць як скандальны ньюзмэйкер у каляпалітычнай сфэры. Гэтак, у 2011 годзе ён заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты Расеі, пасьля чаго на стадыёне «Лужнікі» агучыў свой маніфэст пад назвай «Дактрына 77». Паводле слоў Ахлабысьціна, яму «выпаў найвялікшы гонар — сказаць тое, пра што думае кожны рускі чалавек». Ахлабысьцін заклікаў прысутных закладваць у сьвядомасьць дзяцей «агульную мару пра імпэрыю» — чытаць ім на ноч казкі пра «цудоўную будучыню, вялікую імпэрыю, якую мы, рускія, мусім пабудаваць».
«Мы створаныя для вайны. Так, гэта вельмі кепска. Але гэта так, мы такія», — сьцьвярджаў Ахлабысьцін. Ён перакананы, што «для рускага чалавека магчымы толькі два кшталты арганізацыі — у храме для малітвы і на полі для бітвы». Гэта, на яго думку, «і ёсьць нацыяльныя каштоўнасьці». Свой выступ, які доўжыся каля дзьвюх гадзінаў, ён скончыў словамі: «Мы выратуем зямлю ад канчатковага вынішчэньня! Мы скарым космас! Мы створым жаданую імпэрыю і абярэм імпэратара!».
Гэтай вясной, калі на Беларусь абрынуўся Хаўер, аўтамабіль з Ахлабысьціным аказаўся ў шматкілямэтровым заторы пад Менскам. Ён напісаў адтуль у твітэр: «Маліўся я, маліўся і падумаў: Амэрыка спажывае 40% сусьветнай электраэнэргіі, 70% з гэтага спажывае адна малавядомая навукова-ваенная база на Алясцы. Вось куды трэба адпраўляць паштоўкі з падзякамі за кліматычныя парадоксы. Вось што мне за 10:00 малітвы навеяла»… Вось такі прыхільнік кансьпіралягічных тэорыяў і прапаведнік расейскага імпэрыялізму зьбірае аншлягі ў Віцебску…
Новы час
Фота: Віцебскі кур’ер