Паводле зьвестак, распаўсюджаных у СМІ, на чарговай сэсіі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць разгледжаныя папраўкі ў Выбарчы і Адміністрацыйны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Згодна з наяўнай інфармацыяй, будзе забароненая агітацыя за байкот выбараў, а за ажыццяўленне такой агітацыі будуць прадугледжаныя адміністрацыйныя санкцыі. У сувязі з гэтым ў Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў зьвярнуўся старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
На думку партыйнага лідэра, у выпадку прыняцьця вышэйзгаданых зьменаў будзе створаная заканадаўчая база для наўпроставага парушэння грамадзянскіх і палітычных правоў грамадзян, а менавіта права на свабоднае выказваньне імі свайго меркаваньня. Сфэра гэтага права распаўсюджваецца і на права публічна заклікаць да байкоту выбараў.
Таксама Леанід Аўтухоў адзначае, што свабоднае волевыяўленьне грамадзян – гэта асноўны прынцып дэмакратычных выбараў. Паколькі ў беларускім выбарчым заканадаўстве адсутнічае прынцып абавязковага галасаваньня, дык выбаршчык на ўласны одум мае праве альбо браць удзел у галасаванні, альбо яго байкатаваць. У выпадку ж прыняцьця згаданых паправак прыхільнікі байкоту будуць пастаўленыя ў няроўныя ўмовы.
«Як агітацыя да ўдзелу ў галасаваньні, гэтак і агітацыя да байкоту галасаваньня, маюць роўныя прававыя перадумовы быць рэалізаванымі ўсімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу. Калі ж у беларускім заканадаўстве зьявіцца адміністрацыйнае пакараньне за агітацыю байкатаваць выбары, то выканаўчая ўлада займее дадатковы рычаг забесьпячэньня яўкі грамадзян на выбарчыя ўчасткі. Бо няяўку для галасаваньня можна лёгка трактаваць як “агітацыю за байкот выбараў” і, запалохваючы выбаршчыкаў наяўнасьцю адміністрацыйнага пакараньня, прымушаць іх да галасаваньня. Прычым і тых, хто сьвядома жадаюць удзельнічаць у байкоце выбараў», – тлумачыць Леанід Аўтухоў сваю пазыцыю.
У сваім звароце да парлямэнтароў партыйны лідэр заклікаў іх адказна паставіцца да прапанаваных паправак у ВК РБ і КаАП РБ і перашкодзіць унясеньню ў вышэйзгаданыя кодэксы палажэньняў, якія будуць наўпрост парушаць правы і законныя інтарэсы грамадзян - беларускіх выбаршчыкаў.