Дэпартамэнт выкананьня пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь ня даў дазволу незалежнаму журналісту наведаць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. З адпаведнай заявай зьвярнуўся ў дэпартамэнт віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Мардзьвінцаў. «Кіраўніцтва дэпартамэнту лічыць немэтазгодным наведваньне Вамі папраўчых калёніяў крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС Рэспублікі Беларусь», – паведаміў заяўніку першы намесьнік начальніка ДВП С.І. Працэнка.
Кастусь Мардзьвінцаў меркаваў наведаць адну з папраўчых калёніяў Віцебскай вобласьці, каб азнаёміцца з бытам і ўмовамі ўтрыманьня зьняволеных і пасьля падрыхтаваць матэрыялы для публікацыі ў СМІ. На думку журналіста, супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, пазбавіўшы яго магчымасьці наведаць калёнію, парушылі артыкул 36 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», які забясьпечвае права грамадзян на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі.
«Тлумачачы, чаму я не магу наведаць калёнію, намесьнік начальніка ДВП нават спаслаўся на закон – на частку 2 артыкулу 22 Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Але гляньма, што гаворыцца ў згаданай частцы кодэксу: “Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і іншыя асобы маюць права наведваць установы, якія выконваюць пакараньне, з дазволу адміністрацыі гэтых устаноў або адпаведных вышэйстаячых органаў кіраваньня ўстановамі, якія выконваюць пакараньне”. Такім чынам, права наведваць калёнію маю. І па дазвол я зьвярнуўся па адрасе – у “вышэйстаячы орган”. Дзіўна, дзе тут спадар Працэнка ўбачыў падставу, каб пазбавіць мяне права, якім я валодаю згодна з названым ім жа самім артыкулам? Дзеяньні кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньня – гэта самавольства, не заснаванае на законе. Напэўна, яно мае, што ўтойваць ад грамадзкасьці, калі баіцца пусьціць журналістаў у турмы», – лічыць Кастусь Мардзьвінцаў.