Судовае паседжаньне паводле адміністрацыйнай справы незалежнай журналісткі Алены Сьцяпанавай, прызначанае на 15 гадзін 12 ліпеня, не адбылося. Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Іна Грабоўская вярнула пратакол на дапрацоўку ў міліцыю. Суд перанесены на няпэўны час. То бок судзьдзя не прыняла дакумэнты зь міліцыі на разгляд у суд.
У пратаколе, які склаў старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску лейтэнант міліцыі Сяргей Вяракса, не пазначаныя ні месца, ні час зьдзяйсьненьня правапарушэньня, не пазначаныя сьведкі, дакумэнты, якія прыкладаюцца да пратаколу.
Журналістку Алену Сьцяпанаву вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі лічаць, што яна супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі. Сьцяпанавай пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў. Кастрычніцкі РАУС Віцебску завёў супраць Сьцяпанавай адміністрацыйную справу. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што Алена на працягу доўгага часу «ажыцьцяўляла прафэсійную дзейнасьць журналіста замежнага СМІ „Радыё Свабода“ без адпаведнай акрэдытацыі».
Радыё Свабода
Фота: Б. Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў