На прэс-канфэрэнцыі, якая прайшла 11 ліпеня ў Віцебскім аблвыканкаме і прысьвячалася адкрыцьцю XXII Міжнароднага фэстывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў зьвярнуўся да журналістаў па-беларуску. Гэта не спадабалася прадстаўнікам расейскіх СМІ, акрэдытаваным на форуме. Пасьля ўступнага слова міністра ў першых шэрагах залі, дзе ў асноўным сядзелі супрацоўнікі расейскіх СМІ, пачуліся незадаволеныя галасы: “А зараз перакладзіце нам тое, што вы сказалі!”.
Адна з жанчын прамовіла літаральна наступнае: “Мы здесь не лишние, во-первых!”. На сытуацыю тактоўна паўзьдзейнічаў вядучы прэс-канфэрэнцыі, вядомы расейскі артыст Сяргей Шусьціцкі. “Мне здаецца, што ўсе cказанае і гэтак зразумела і не патрабуе перакладу”, – зьвярнуўся ён да незадаволеных міністравай мовай. Інцыдэнт згладзіў сам Барыс Сьвятлоў, які перайшоў на расейскую і паабяцаў адказаць на любыя пытаньні – на той мове, на якой яны прагучаць. Далейшыя пытаньні міністру культуры задавалі па-расейску, гэтак жа ён на іх і адказваў.
На жаль, прынцыпова новай інфармацыі за гадзіну прэс-канфэрэнцыі гэтак і не прагучала. Сьпікеры ў чарговы раз агучылі тое, што паведамлялі на ранейшых сустрэчах з журналістамі, або тое, што можна прачытаць у фэстывальных прэс-рэлізах ці буклетах.
tut.by