Непрыемны інцыдэнт адбыўся 5 ліпеня з галоўным рэдактарам і фотакарэспандэнтам інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяргеем Серабро. Напярэдадні журналіст рыхтаваў фотарэпартаж аб наступствах моцнай залевы, якая прайшла ў Віцебску. У прыватнасьці, яго зацікавіла яма, якая ўтварылася ў самым цэнтры гораду, насупраць гандлёвага цэнтру “Марка-сіці”. Каля правалу працавала група будаўнікоў. Раптам адзін зь іх пачаў паводзіць сябе, мякка кажучы, дзіўна.
Як высьветлілася пазьней, гэта быў начальнік аб’екту па будаўніцтве падземнага пераходу, прадстаўнік менскага прадпрыемства “Рамсэрвісбуд” Аляксандар Балохін. Яму не спадабалася, што дзеяньні рабочых здымае фотакарэспандэнт “ННВ”, і ён з тратуарнай пліткай у руцэ кінуўся да журналіста, пагражаючы стукнуць яго гэтай пліткай, калі фотаздымкі ня будуць спыненыя. Пры гэтым разьюшаны начальнік аб’екту нецэнзурна лаяўся, паказваў на будынак гарвыканкаму, які разьмяшчаецца побач, і крычаў даслоўна наступнае: “Мэр загадаў вам такі п..ды даць! Вы тут ужо панарабілі дзялоў!”
Як падзяліўся Сяргей Серабро, у яго журналісткай практыцы адбывалася ўсякае, у тым ліку было шмат выпадкаў, калі чыноўнікі ці міліцыя перашкаджалі яму выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Але фізычнай расправай рэдактару віцебскага незалежнага выданьня пагражалі ўпершыню.
Адзначым, што падземны пешаходны пераход у цэнтры Віцебску - адзін з гарадзкіх даўгабудаў. Аб’ект пачалі ўзводзіць летам 2011 году. Тунэль праходзіць пад вуліцай Леніна і павінен злучыць гандлёвы цэнтар “Марка-сіці” і Летні амфітэатар. Мясцовыя ўлады спачатку плянавалі здаць пераход да чарговага “Славянскага базару” - у 2012 годзе. Потым - у 2013-м…
Але замест гэтага “падземнае мэтро” прыносіць гараджанам адны праблемы. Зямля ў цэнтры Віцебску пастаянна правальваецца, і гэта ўжо стала своеасаблівай прыкметай гораду. У траўні мінулага году ў яму, што ўзьнікла, падчас дабрачыннай акцыі ўпала дзяўчына-валянтэр, якая атрымала пералом рукі. Празь месяц, у чэрвені, жыхары Віцебску зноў з асьцярогай абыходзілі сьвежы правал у тратуарнай плітцы. Даволі кур’ёзны і, на шчасьце, без ахвяр, выпадак адбыўся ў ліпені 2011-гу, падчас “Славянскага базару”. Зямля ў цэнтры гораду тады раскрылася перад канцэртам Валера Лявонцьева.
tut.by