Камітэт па правох чалавека ААН адмовіў сябру КХП-БНФ Сяргею Каваленку ў прызнаньні факту парушэньня яго правоў, прадугледжаных артыкуламі 2, 14, 19, 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Сяргей Каваленка зьвярнуўся ў КПЧ ААН пасьля таго, як Кастрычніцкі райсуд Віцебску за вывешваньне 7 студзеня 2010 году сьцягу на ёлцы ў цэнтры гораду прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні «дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», прадугледжаных артыкуламі 339 і 363 Крымінальнага кодэксу.
Артыкул 14 пакту, у парушэньні якога абвінавачваў улады Беларусі Сяргей Каваленка, у прыватнасьці, абвяшчае: «Усе людзі роўныя перад судамі і трыбуналамі. Пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачаньня супраць асобы або вызначэньні яе правоў ці абавязкаў кожны чалавек мае права на справядлівы і публічны разгляд справы кампэтэнтным, незалежным і бесстароннім судом… Пры прад’яўленьні крымінальнага абвінавачаньня кожны мае права на… выклік і допыт яго сьведкаў ад свайго імя на тых самых умовах, на якіх сьведкі выступаюць супраць яго».
Сяргей Каваленка заяўляў, што, адмовіўшы яму ў выкліку ў суд сьведкаў яго абароны, дзяржава парушыла яго правы, прадугледжаныя названым артыкулам. Аднак камітэт ААН прыйшоў да высновы, што «пададзеныя яму матэрыялы, у тым ліку запісы слуханьняў у судзе, не даюць падставаў меркаваць, што мела месца парушэньне бесстароннасьці суду ці прынцыпу роўнасьці спаборных магчымасьцяў, або справядлівасьці суду ў той ці іншай форме».
Што тычыцца артыкулаў 2, 19, 26, у парушэньні якіх Сяргей Каваленка таксама абвінавачваў беларускія ўлады, дык, на думку сябраў КПЧ ААН, інфармацыя, якую паведаміў актывіст, не зьяўляецца абгрунтаваньнем яго сьцьверджаньня аб парушэньні ягоных правоў. Так, напрыклад, камітэт не падвергнуў сумневу тое, што вывешваючы сьцяг на ёлку, Сяргей Каваленка такім чынам публічна выказваў свае палітычныя погляды, але адзначыў, што, згодна з нормамі пакту, свабода выказваць свае думкі можа мець абмежаваньні, неабходныя для забесьпячэньня грамадзкага парадку.
Паколькі Сяргей Каваленка не растлумачыў у дастатковай меры сваё сьцьверджаньне для мэтаў прымальнасьці, камітэт прыняў рашэньне прызнаць ягоны зварот у КПЧ ААН «непрымальным у адпаведнасьці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратаколу».
Віцебская Вясна