Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў (на фота) падаў у Віцебскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне вулічнага шэсьця 10 сакавіка. Мэта меркаванай імпрэзы: публічна адсьвяткаваць 150-годзьдзе паўстаньня супраць царскай Расеі беларускіх патрыётаў на чале з нацыянальным героем Беларусі Кастусём Каліноўскім.
Па традыцыі, што склалася, мясцовыя ўлады правядзеньне такога кшталту акцыяў як правіла забараняюць. Звычайна пры гэтым яны спасылаюцца на невыкананьне заяўнікамі рашэньня гарвыканкаму «Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску», якое абавязвае арганізатараў мерапрыемстваў да заяваў на іх правядзеньне далучаць дамовы з прадпрыемствам «Віцебская гарадзкая ЖКГ», Упраўленьнем унутраных спраў і Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікай. Каб выканаць рашэньне гарвыканкаму, Ян Дзяржаўцаў загадзя накіраваў у названыя ўстановы прапановы аб заключэньні дамоваў на абслугоўваньне шэсьця, але на гэтыя прапановы станоўча адказалі ня ўсе.
Дамовы ўдалося заключыць толькі з камунальнікамі. Прычым не з самім УКВП «Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка», а зь яго даччынымі прадпрыемствамі – «Зелянгасам» і «Гардармостам». Міліцыянты і мэдыкі заключаць дамовы адмовіліся.
Галоўны лекар Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч спаслаўся на сэзонны ўздым захворваньняў і ўзрослую нагрузку на хуткую мэдычную дапамогу, таму, маўляў, заключэньне дамовы ў цяперашні час не ўяўляецца магчымым. Намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцаблвыканкаму Ігар Скарыновіч пайшоў яшчэ далей: у сваім абгрунтаваньні незаключэньня дамовы ён напісаў, што нібыта маршрут вулічнага шэсьця супярэчыць патрабаваньням закону «Аб масавых мерапрыемствах». Такім чынам, міліцэйскі начальнік усклаў на сябе абавязкі выканаўчай улады – выканкаму. Менавіта апошні, прымаючы рашэньне пра дазвол ці забарону масавага мерапрыемства, а не міліцэйскі начальнік, павінен вызначаць, наколькі мерапрыемства адпавядае заканадаўству.
Прыйшлося партыйнаму актывісту да сваёй заявы ў гарвыканкам на правядзеньне акцыі прыкласьці дамовы толькі з камунальнікамі, а замест дамоваў зь лекарамі і міліцыянтамі – копіі адпісак іхных кіраўнікоў. Відавочна, Ян Дзяржаўцаў зрабіў усё, што было ў ягоных сілах, каб выканаць рашэньне гарвыканкаму аб працэдуры падачы заявак на масавыя мерапрыемствы. Неўзабаве даведаемся, ці будзе дадзены дазвол на правядзеньне імпрэзы, альбо ўлады ў чарговы раз забароняць акцыю, спасылаючыся на рашэньне гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», якое на практыцы выканаць не магчыма.
Віцебская Вясна