Сэрыя ток-шоў пад агульнай назвай “Культура паляпшае жыцьцё!”, якія ладзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны кампанія “Будзьма беларусамі!”, працягнулася 4 сьнежня ў Віцебску. Культурны градус гораду вымяралі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і журналісты, гісторыкі і прамоўтары, музыкі і чынавенства.
Пры канцы сустрэчы Віцебскае МГА “Гісторыка” прадставіла прэзэнтацыю шляхецкіх баляў. Калі 21 сьнежня канец сьвету ўсё ж адбудзецца, чаму б не сустрэць яго балем, а калі не адбудзецца – то ў Віцебску ўжо дакладна ведаюць, чым заняцца ў 2013 годзе.
У вітальным звароце Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, патлумачыла і абгрунтавала слоган кампаніі “Культура паляпшае жыцьцё!”, падзялілася плянамі на далейшую дзейнасьць кампаніі ў рэгіёнах, у межах якой чакаюцца публічныя прэзэнтацыі і лягічны працяг - Кірмаш праектаў, які ўжо распачаўся ў Магілёве.
Па традыцыі рэгіянальных абмеркаваньняў частка прысутных сфармавала чацьверку інтэлектуальных “форвардаў”, якія і выйшлі “на лёд” пад кіраўніцтвам “капітана” – вядоўцы вечара Ўладзімера Булаўскага. У гэты вечар у “асноўны склад” увайшлі: Віктар Глушын, спэцыяліст адзелу культуры гарвыканкаму, актор моладзевага тэатру “Колесо”, гісторык, Раман Воранаў, рэдактар парталу Vitebsk4.me, арганізатар культпадзеяў у Віцебску (фэстываль графіці “Гравітацыя”, сэрыя адкрытых лекцыяў, школа маладых журналістаў Public Republic), Сяргей Бабенка, народны рамесьнік, адзін са стваральнікаў клюбу гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн”, Андрэй Духоўнікаў, мастак, дырэктар музэю “Цэнтар сучаснага мастацтва”.
Ад пачатку сустрэча пайшла ў канструктыўнай і сяброўскай атмасфэры, без папрокаў і прэтэнзіяў, як гэта, на жаль, часам здараецца ў нашы дні. Добрым прыкладам маладога і адкрытага для супрацы і прапановаў чыноўніка стаў Віктар Глушын, расказаўшы пра мерапрыемствы, што праходзяць у горадзе, і недахоп увагі з боку мэдыяў да “чэмпіёнаў па культуры”.
З боку старэйшага пакаленьня ў гэты вечар найбольш актыўна выказваўся Андрэй Духоўнікаў, падзяліўшыся сваім досьведам у культурнай працы на карысьць Беларусі, а згадваючы праблемныя моманты ў жыцьці гораду (здарэньне з фэстывалем “Гравітацыя”), нават папракнуў самога сябе за тое, што быў у гэты момант ня ў горадзе і ня змог актыўна паспрыяць справе.
Сяргей Бабенка нямала папракаў жыхароў за цягу да “петрасяншчыны”, а ў культурным жыцьці заклікаў імкнуцца да сапраўднай культуры. Публіцыст Раман Воранаў заклікаў трымацца ва ўсім “віцебскай традыцыі” і расказваў пра праявы сучаснага мастацтва гораду.
Асабліва актыўна і сэнсоўна ў Віцебску выказваліся прадстаўнікі грамады, апісаўшы прыклады з культурніцкага жыцьця і супрацы ўлады і грамадзтва. Прадстаўнікі кінаклюбу разважалі пра цяжкасьці і магчымасьці супрацы зь дзяржавай, якая часта добра пачынаецца, але потым незаўважна страчвае дынаміку. У адказ на гэта нястомны Віталь Броўка расказаў на падставе пазытыўных прыкладаў пра сваю стратэгію працы ў культурніцкім сэктары.
Але які дыскурс бяз прыкладаў, як пазытыўных, так і нэгатыўных? Як сьлед падлівалі алею ў агонь дыскусіі жывыя і, што істотна, перажытыя, прапушчаныя “празь сябе” прыклады ад прысутных. Успаміналі і фэстываль Віталя Раузы, і парад нявестаў, прадстаўлены Вольгай Бабковай. З болем расказаў Гарык Аганджанян пра лёс свайго “Бітлз-клюбу”, які паабяцаў адрадзіць, нягледзячы на часовыя цяжкасьці. Прыкладам павагі да беларускасьці, творчасьці і здаровага сэнсу сталі прамовы мастачкі Сьвятланы Баранкоўскай, якая мае рускі пашпарт, але шыкоўна валодае мовай, і мастака Аляксандра Вышкі пра структуру супрацы “дзяржава – мастакі”, якая мусіць пачынацца з фундамэнту – таго, чаго прагнуць самі людзі. Бо толькі “маючы добры фундамэнт, варта ўзводзіць сьцены і клеіць на іх шпалеры”, то бок рэалізоўваць культурніцкія падзеі на базе добрых стасункаў і надзейных дамоваў.
А каб праяўленая самастойна ініцыятыва не гублялася, знаходзіла магчымых партнэраў і была добрым фундамэнтам для культурніцкай дзейнасьці ў горадзе, кампанія “Будзьма беларусамі!” абвясьціла старт “Кірмашу праектаў”. Кожная грамадзкая ініцыятыва ці асобны чалавек у Віцебску можа падрыхтаваць прэзэнтацыю свайго праекту (ідэі), які жадае правесьці ў сваім горадзе. Найлепшыя праекты будуць прапанаваныя ўладам для ўключэньня ў плян культурнай дзейнасьці.
Dvina.by