Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў Уладзімера Лунёва і Віталя Скрыля вінаватымі «ў вырабе фрагмэнту» матэрыялу СМІ. Менавіта так было запісана ў пратаколе пра парушэньне журналістамі часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Суд не ўлічыў таго, што дзеяньне гэтага артыкулу КаАП распаўсюджваецца на СМІ, а не на фізычных асобаў, якімі ёсьць Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў. Такім чынам, журналісты аштрафаваныя на 558 рублёў кожны толькі за тое, што размаўлялі з жыхарамі Воршы. Бо суд ня змог давесьці, што хлопцы маюць дачыненьне да сайту belsat.eu і да зьяўленьня на ім матэрыялу «За што ў Воршы так ня любяць Аляксандра Лукашэнку».
Разбор адміністрацыйнай справы ў судзе пачаўся 19 лютага. Але аднаго дня не хапіла, і на 22 лютага было прызначанае новае паседжаньне, на якое судзьдзя Ігар Белавус выклікаў сьведак, заслухаўшы якіх, ён прыйшоў да высновы, што правапарушэньне сапраўды было зьдзейсьненае.
Адміністрацыйныя справы супраць журналістаў распачалі аршанскія міліцыянты. У пратаколе, складзеным на Віталя Скрыля маёрам міліцыі Ліліяй Трушко, вялося пра «фрагмэнты інтэрвію, якія былі разьмешчаныя на замежным тэлевізійным сайце belsat.eu». Такім чынам, на думку складальніцы пратаколу, быў ажыцьцёўлены «незаконны выраб прадукцыі СМІ».
Паводле Трушко, правапарушэньне было раскрытае з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ. Для гэтага міліцыянты задзейнічалі столькі сілаў і рэсурсаў, нібыта шукалі небясьпечных злачынцаў. Прынамсі, так вынікае з тлумачэньняў складальніцы пратаколу.
«25 студзеня я займалася маніторынгам сеткі інтэрнэт, і заўважыла матэрыял “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”. Я прыгадала, што 17 студзеня на плошчы Леніна адбывалася відэафіксацыя таго, як невядомыя маладыя людзі пра нешта распытваюць аршанцаў. Разам з супрацоўнікам, які ажыцьцяўляў відэафіксацыю, мы параўналі сюжэт на belsat.eu і запісы службовай відэакамэры. Мы зрабілі высновы, што ўдзельнікі сюжэту – адны і тыя ж мінакі. Быў аддадзены загад апэратыўным чынам высьветліць іхныя асобы. А таксама асобы двух мужчын, якія здымалі мінакоў на плошчы Леніна. Для гэтага мы распаўсюдзілі службовы відэазапіс па ўсіх падразьдзяленьнях. Двух мужчын апазнаў супрацоўнік ДАІ, які затрымаў машыну Ўладзімера Лунёва для праверкі дакумэнтаў», – тлумачыла ў судзе маёр Трушко.
Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў не адмаўляюць, што сапраўды езьдзілі ў Воршу ў сярэдзіне студзеня 2018 году. І падчас той паездкі заўважылі, што за імі сочаць людзі з машыны, якая суправаджала іх па горадзе. А на выезьдзе з Воршы аўто Ўладзімера Лунёва спынілі работнікі ДАІ, і супрацоўнікі перапісалі прозьвішчы кіроўцы ды пасажыраў. Аднак ніякіх дакумэнтаў пра тое, што адбывалася «назіраньне ў апэратыўных мэтах» ці нешта падобнае, у справе няма.
Беспрэцэдэнтным для Віцебшчыны выпадкам стала і тое, што Лунёва і Скрыля судзілі ня ў Воршы, па месцы здарэньня, а ў абласным цэнтры. Аршанскі суд разглядаць справы віцебскіх журналістаў не захацеў: быў дасланы зварот у Віцебскі абласны суд, і старшыня прызначыў месцам разгляду Кастрычніцкі райсуд Віцебску.
У першы дзень судовага разбору супрацоўнікі міліцыі так і ня здолелі патлумачыць, у чым сутнасьць правапарушэньня. Ім давялося пагадзіцца, што размаўляць зь людзьмі ў грамадзкім месцы – не забаронена, і запісваць зьмест гутаркі з дапамогай тэхнічных сродкаў – таксама не забаронена. Акрэсьліць, хто такі «журналіст», і чаму адміністрацыйны артыкул 22.9 яны прымянілі ў дачыненьні да фізычных, а не юрыдычных асобаў, прадстаўнікі РАУС таксама не змаглі.
Судзьдзя, выслухаўшы прамову Віталя Скрыля, дзе былі пералічаныя ўсе аргумэнты супраць абвінавачаньня, а таксама памылкі ў паперах з аршанскай міліцыі, вырашыў выклікаць на працэс мінакоў, чые выказваньні трапілі ў відэасюжэт. Паводле міліцыянтаў, яны высьветлілі асобы трох чалавек.
Сьведкі, выкліканыя на суд 22 лютага, пацьвердзілі хіба толькі тое, што адказвалі на пытаньні двух хлопцаў, у аднаго зь якіх была відэакамэра, а ў другога мікрафон. Прычым двое з траіх сьведкаў заявілі, што ня могуць дакладна пацьвердзіць, што гэта былі Лунёў і Скрыль. Усе сьведкі сказалі, што ня памятаюць, у што тыя былі апранутыя і нават пра што дакладна ішла гаворка.
Спробаў высьветліць, якім чынам хлопцы «вырабілі прадукцыю СМІ» пасьля размоваў на вуліцы, судом нават не рабілася. Пасьля высноваў складальніцы пратаколу Ліліі Трушко, якая адкрыта заявіла, што ня ведае і ня памятае Закону аб сродках масавай інфармацыі, судзьдзя Ігар Белавус пагадзіўся, што мела месца адміністрацыйнае правапарушэньне.
Усе два дні, пакуль ішоў суд, аддана бараніў і сябе, і сябра Віталь Скрыль. Ён дасканала вывучыў законы, датычныя дзейнасьці СМІ, указаў суду на мноства пралікаў у дакумэнтах справы. Але ўсё аказалася марным.
Цяпер аргумэнты супраць высноваў міліцыі і Кастрычніцкага райсуду будуць выкладзеныя ў касацыйнай скарзе, бо абодва хлопцы лічаць, што іх абвінавацілі і пакаралі несправядліва.
Паводле baj.by