Гарадзкі камітэт віцебскай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” зьвяртаўся ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску па дазвол на мітынг у гонар стогадовага юбілею рэвалюцыі.
Мерапрыемства меркавалася правесьці на плошчы Леніна 7 лістапада. Пры гэтым арганізатары абяцалі забясьпечыць грамадзкі парадак і бясьпеку, а таксама гатовыя былі несьці адказнасьць за ўсе этапы правядзеньня масавага мерапрыемства.
Яны нават запрасілі кіраўніцтва гораду ўзяць удзел у сьвяткаваньні, але і гэта не дапамагло – мітынг не дазволілі.
Адказ з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну за подпісам намесьніка галавы адміністрацыі Анатоля Кандратовіча быў катэгарычным. Мітынг забаранілі на той падставе, што заява ня ў поўнай ступені адпавядае артыкулу 5 закону “Аб масавых мерапрыемствах…”, а таксама ў ёй ня выкананыя патрабаваньні пунктаў 1 і 3 рашэньня гарадзкога выканаўчага камітэту №881. Маўляў, няма трох дамоваў з адпаведнымі ведамствамі (праваахоўнікамі, мэдыкамі ды камунальнікамі) – няма і дазволу на мітынг.
Праўда, ускласьці кветкі дазволілі, пра што і адзначылі ў адказе: “У межах сьвяткаваньня стагодзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ва ўказаны ў заяве час вы можаце ўскласьці кветкі да помніку У. Леніну”.
Паводле экспэртаў-праваабаронцаў, згаданае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 супярэчыць Канстытуцыі, тым ня менш менавіта яно вызначае парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў у сталіцы Прыдзьвіньня.
У іншых абласьцёх краіны сытуацыя іншая. Так, Гомельскі гарвыканкам, у адрозьненьне ад мясцовых уладаў Віцебску, даў дазвол абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” на арганізацыю і правядзеньне мітынгу ў сувязі са стагодзьдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі.
С. Горкі