У Воршы распрацоўваецца новы генэральны плян, які вызначыць, якім будзе горад да 2030 году. Сярод прапанаваных архітэктарамі пунктаў ёсьць і скандальны: плянуецца пабудаваць дзьве дарогі, якія пройдуць наўпрост па месцах масавых сталінскіх расстрэлаў на Кабыляцкай гары і каля Магілёўскай шашы.
Распавядае аршанскі краязнаўца і грамадзкі актывіст Ігар Казьмярчак.
– Архітэктары не прадумалі. У Воршы будуць дзьве дарогі, якія пройдуць па месцах пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Адна пройдзе наўпрост па Кабыляцкай гары. А другая – па Магілёўскай шашы. Паводле праекту, абедзьве дарогі пройдуць акурат па расстрэльных ямінах. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што і ня ўсе чыноўнікі згодныя з гэтым плянам. Ён адназначна будзе карэктавацца. Зьбярэцца аршанская кааліцыя дэмакратычных сілаў, каб выказаць і свае прапановы. Я спадзяюся, што гэтыя дарогі мы зможам перанесьці.
Праект генэральнага пляну Воршы прадугледжвае таксама і далучэньне да райцэнтру 11-тысячнага гораду Барань. Акрамя таго, вялікія пытаньні выклікае далейшае будаўніцтва новага жытла. Але, як са зьдзіўленьнем адзначыў Ігар Казьмярчак, за два тыдні папярэдняга абмеркаваньня генпляну ніхто з аршанцаў не прынёс сваіх прапаноў у райвыканкам. Грамадзкія актывісты Воршы складуць сьпіс сваіх прапаноў.
Кастусь Багушэвіч, racyja.com