З пачатку верасьня ў лясох Віцебскай вобласьці шукалі дзевяць заблудных грыбнікоў, паведаміла афіцыйная прадстаўніца Віцебскага абласнога ўпраўленьня МНС Марына Фандо, удакладніўшы, што вядзецца пра выпадкі, у якіх прыцягвалася дапамога МНС.
Найбольшая колькасьць заблуканых - пяць чалавек - зарэгістраваная ў Гарадоцкім раёне, навакольныя лясы якога карыстаюцца вялікай папулярнасьцю ў аматараў ціхага паляваньня.
Апошні выпадак зарэгістраваны 7 верасьня ў Верхнядзьвінскім раёне: 55-гадовая жанчына і 65-гадовы мужчына заблукалі ў лесе каля вёскі Сар'я. Іх шукалі работнікі РАУС, РАНС. Знайсьці грыбнікоў удалося мясцоваму жыхару, работніку службы МНС. Мужчына ўдзельнічаў у пошуку зьніклых у вольны ад нясеньня службы час.
Па лініі УУС толькі за апошнія тры дні (5-7 верасьня) у Віцебскай вобласьці зарэгістравана 12 зваротаў. "Найбольшая колькасьць грыбнікоў, што згубіліся, таксама блудзілі ў Гарадоцкім раёне. Другое месца ў гэтым рэйтынгу займае Віцебскі", - распавёў афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка.
Усім, хто плянуе выправіцца ў лес, у МНС нагадалі пра неабходнасьць мець з сабой зараджаны мабільны тэлефон, запас вады і лекаў. Калі ж у плянах грыбнікоў значацца малавядомыя месцы, то загадзя варта ўдакладніць маршрут і наяўныя на ім арыентыры (лініі электраперадачы, чыгунка, прасекі).
Вольга Багачова, belta.by