Абвяшчэньне выраку ў дачыненьні да Вольгі Сьцяпанавай судзьдзя Юры Урбан пачаў 7 верасьня а 14:20 у Чыгуначным райсудзе Віцебску. Вэрдыкт судзьдзі – 6 месяцаў абмежаваньня волі ў калёніі-пасяленьні за прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці. Падсуднай была зьмененая мера стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, і яна была вызваленая з-пад варты ў залі суду.
Працэс над парадзіхай распачаўся 30 жніўня. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, што пазбавіла грамадзкасьць магчымасьці атрымаць аб’ектыўнае ўяўленьне як пра акалічнасьці сьмерці дзіцяці, гэтак і наконт справядлівасьці абвешчанага на іх падставе прысуду.
Імаверна, падрабязнасьці справы што да часу, празь які хуткая, а пасьля і рэанімацыя прыехалі на выклік парадзіхі, згодна з воляй судзьдзі назаўжды застануцца таямніцай за сям’ю пячаткамі. Дзіўная лёгіка дзяржаўнай машыны, якая дазваляе забойства праз аборт і карае за сьмерць падчас родаў, не паддаецца цьвярозаму тлумачэньню.
Праз прысутнасьць у залі Чыгуначнага раённага суду вялікай колькасьці журналістаў і відэаапэратараў судзьдзя Юры Урбан пачаў з таго, што апытаў удзельнікаў судовага працэсу адносна іхнага стаўленьня да відэафіксацыі. Як пацярпелы бок (Алег Сьцяпанаў, муж абвінавачанай), гэтак і сама Вольга выказаліся супраць відэаздымак. Гэткае стаўленьне падтрымалі і дзяржаўны абвінаваўца, і адвакаты падсуднай. Тым ня менш судзьдзя дазволіў фатаграфаваць і рабіць аўдыёзапіс абвяшчэньня ім судовага выраку.
Вэрдыкт: у адпаведнасьці з часткай 3 артыкулу 23 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь па справе, разгледжанай у закрытым судовым паседжаньні, суд прызнаў Вольгу Сьцяпанаву вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу і прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на шэсць месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня.
Меру стрыманьня суд пастанавіў зьмяніць на падпіску аб нявыездзе ды вызваліць падсудную з-пад варты зараз жа ў залі суду. У якасьці пакараньня ўлічаны час яе знаходжаньня пад вартай з 6 траўня па 7 верасьня. Апроч таго, суд спагнаў з Вольгі Сьцяпанавай ў даход рэспубліканскага бюджэту 310,47 рубля, выдаткаваныя на набыцьцё расходных матэрыялаў для правядзеньня судовых экспэртызаў.
Па вызваленьні Вольга Сьцяпанава, нягледзячы на надзеі журналістаў, адмовілася ад якіх-кольвек камэнтароў.
С. Горкі