Палкоўнік Ігар Яўсееў, які праславіўся асабістым удзелам у жорсткіх разгонах акцыяў пратэсту ў Менску і зьбіцьці журналістаў распавёў пра сябе. Аказваецца, ён любіць жывёлаў...
Нагадаем, цяпер Ігар Яўсееў працуе начальнікам УУС Віцебскага аблвыканкаму. Распавядаючы пра сябе ў інтэрвію газэце "Віцебскі рабочы", ён чамусьці ня ўспомніў, за якія такія заслугі атрымаў цяперашнюю пасаду. Між тым больш жорсткіх расправаў падчас самых бяскрыўдных акцыяў пратэсту (напрыклад, маўклівых), якімі камандаваў асабіста полкоўнік Яўсееў, Беларусь яшчэ ня ведала. Затое, прачытаўшы інтэрвію, можна падумаць, што маеш справу не з садыстам-міліцыянтам, а з анёлам у целе.
- Ігар Уладзімеравіч, вы ў вобласьці чалавек новы. Раскажыце крыху пра сябе. Да прыкладу, як зарабілі свае першыя грошы.
- Я нарадзіўся ў пасёлку Рось Гарадзенскай вобласьці ў сям'і настаўніцы і будаўніка. Бацькі пастаянна працавалі, таму гадаваўся збольшага ў бабулі зь дзядулем. Пасьля чацьвертай клясы з таварышамі пайшлі працаваць на збожжаток. Праз тыдзень атрымаў першую зарплату - 15 рублёў, што было нямала ў той час. Як распарадзіцца грашыма ня ведаў, таму аддаў маме. Яна мне панакупляла кучу прысмакаў, а ўжо пасьля даведаўся, што рублёў на 30.
Рос у сям'і адзіным дзіцем: брат нарадзіўся, калі я ўжо быў дарослым і самастойным. У бойках ніколі ня ўдзельнічаў, але, пры неабходнасьці, мог супакоіць задзіраў калі не вокрыкам, то ціхім і адначасова строгім папярэджаньнем. Быў пястуном і слаба падрыхтаваным да дарослага жыцьця, бацькі нават баяліся, што вырасту слабахарактарным, а слабасьць характару - гэта адзіная хіба, якую немагчыма выправіць. Таму было вырашана пасьля 8-й клясы адправіць мяне на вучобу ў Пружанскі тэхнікум. Завезьлі і пакінулі. Прыйшлося прыстасоўвацца да новага жыцьця. Захапіўся вучобай, спортам. Займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Напрыклад, дапамагаў ствараць пры тэхнікуме музэй Перамогі. Тады я ўпершыню напісаў ліст палкоўніку Лісіцыну, які быў адным з аўтараў ваеннай энцыкляпэдыі. Ён сьцьвярджаў, што Сьцяг Перамогі прысутнічаў на Парадзе Перамогі ў Маскве. А Міхаіл Аркадзьевіч Шульман (дырэктар тэхнікуму) мне паказаў даведку, што гэта ня так. Тады я напісаў ліст Ягораву, які ўзьняў Сьцяг на Рэйхстаг, і той адказаў: у Парадзе Перамогі сапраўды Сьцяг ня ўдзельнічаў, бо ішоў дождж і яго не выстаўлялі. Быў у гасьцях у генэрала Батава, які музэю аддаў свой шынэль. Сустракаўся з унучкай Левітана: яна дзедаўскую кашулю падарыла.
- Відавочна, што зносіны зь людзьмі, імёны якіх увайшлі ў гісторыю, пакінулі глыбокі сьлед у Вашым жыцьцм. Ці паўплывала гэта на выбар прафэсіі?
- Не зусім. Я добра вучыўся ў тэхнікуме, таму мяне рэкамэндавалі ў добраахвотную дружыну пры Пружанскім РАУС. Там пазнаёміўся з зампалітам Пятром Лук'яновічам. Ён перад прызывам у войска запрасіў мяне да сябе і сказаў, што ёсьць шанец паступіць на юрыдычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Але сьледчым я не хацеў быць - толькі дэсантнікам. Таму пайшоў служыць. Трапіў у ВДВ. Мяне адправілі ў Нямеччыну ў трэцюю брыгаду спэцназу ГРУ ВДВ, дзе прайшоў курс маладога байца.
Мог бы і застацца ў дэсантных войсках, але тады вельмі моцна захварэла маці. Прыйшлося вярнуцца. У Пружанскім РАУС стаў участковым. Было няпроста спачатку. Уявіце, прыходзіш на сямейны скандал, дзеткі на вуліцы, тата п'яны ляжыць. Яму за 40, а мне 23. І паспрабуй разьбярыся ў сытуацыі.
Пазьней працаваў у Дзяржаўным камітэце фінансавых расьсьледаваньняў у Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях, у службе бясьпекі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Займаў пасаду намесьніка начальніка УУС Менскага райвыканкаму - начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі і спэцыяльнай міліцыі. Пасьля стаў начальнікам Упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС на транспарце МУС РБ. Два гады быў намесьнікам начальніка УУС на транспарце МУС Рэспублікі Беларусь - начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі. Да прызначэньня на пасаду начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму зьяўляўся намесьнікам начальніка ГУУС Менскага гарвыканкаму - начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі.
- Ігар Уладзімеравіч, вы на пачатку інтэрвію казалі пра бацькоў. Але ёсьць і іншыя блізкія людзі, якія заўсёды побач з Вамі - жонка і дзеці...
- Наша сям'я - наш тыл. Падчас маіх няўдачаў я заўсёды адчуваў падтрымку сям'і, якая зьведала на сабе цяжар міліцэйскага жыцьця. Жонка Ірына заўсёды была і застаецца незаменным сябрам і памочнікам.
У нас ужо трое дзяцей. Дачцэ 19 гадоў, працуе ў агракамбінаце «Мачулішчы» юрыстам, завочна вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя П.М.Машэрава. Сыну 16 гадоў. Ён студэнт чыгуначнага каледжу, будзе памочнікам машыніста. Марыць служыць у арміі. Самай маленькай Арыне - 7 месяцаў. Ёсьць малодшы брат, якім ганаруся. Праходзіць службу ў праваахоўных ворганах.
- Як вы любіце адпачываць? Мабыць, рыбалка, паляваньне?
- Не, паляўнічым ніколі ня быў, бо люблю жывёлаў. Адпачываць неяк не даводзіцца: заўсёды вялікая нагрузка. Цяпер хочацца ўсё адразу ахапіць, вывучыць, каб хутка увайсьці ў курс справы. Калі сюды прыйшоў, пачаліся сьвяты: 9 Мая, Дзень гораду, «Славянскі базар»... А наогул самы добры адпачынак - узяць калыску з маленькай дачкой і прайсьці па Віцебску. Мне вельмі падабаюцца яго вуліцы - ціхія, спакойныя, цябе ніхто не штурхне ў плячо, няма мітусьні. Зялёны горад. У выходныя, калі было цёпла, хадзілі з жонкай і дзіцем на плошчу Перамогі: там вельмі прыгожыя фантаны. Шпацыравалі па маляўнічай набярэжнай Дзьвіны.
А надоечы езьдзіў у Расоны і адпачываў, пазірачы на прыроду. Такі лес! Нават папрасіў кіроўцу спыніцца, каб выйсьці хвілін на 20 і проста падыхаць сьвежым паветрам. Падабаецца Браслаўшчына - на пад'езьдзе абапал азёры. У Чашніках адпачываў у поле, калі глядзеў, як камбайны працуюць. Прама вярнуўся ў дзяцінства, калі працаваў на збожжатоку.
Імкнуся надаваць час спорту - ня менш за два разы на тыдзень хадзіць у спартзалю і займацца з трэнэрам. Я лічу, што супрацоўнік міліцыі павінен быць фізычна разьвіты і падцягнуты. А яшчэ паголены, акуратна падстрыжаны, у наваксаваных туфлях і з добрай парфумай.
- І, напрыканцы, Ігар Уладзімеравіч, як лічыце: міліцыянт - гэта лад жыцьця ці ўсё ж такі прафэсія?
- Пытаньне складанае. Для мяне - гэта лад жыцьця. Я ў шмат якіх структурах праходзіў службу, і ўсё-такі я міліцыянт. Вялікую частку часу праводжу тут. Сыходжу з працы апошнім, асабліва калі праходзяць пэўныя мерапрыемствы. Як павінен сыходзіць апошнім капітан з падводнае лодкі.
Паводле "Беларусскага партызана"