Напярэдадні справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі Віцебскай абласной арганізацыі "Руху"За Свабоду" інтэрв'ю «Дыялёгу» даў старшыня абласной арганізацыі Хрыстафор Жаляпаў.
– Колькі сябраў налічвае абласная арганізацыя"Руху"За Свабоду"?
– Больш за 150 чалавек. Я не магу назваць дакладную лічбу, бо некаторыя людзі, якія прыйшлі да нас у арганізацыю 4 гады таму, страцілі, што называецца, сувязь з арганізацыяй. Таму мы час ад часу праводзім рэвізію сваіх сябраў.
Але ў той жа час замест іх прыйшлі іншыя. Заўтра, напрыклад, на нашу канфэрэнцыю прыйдуць актыўныя людзі, якія добра зарэкамэндавалі сябе ў апошняй электаральнай кампаніі. Яны самі захацелі паўдзельнічаць у працы канфэрэнцыі. І, хутчэй за ўсё, заўтра ж яны будуць прыняты ў шэрагі Руху.
– То бок кроў абнаўляецца?
– Так, абнаўляецца. Можна таксама казаць і пра амаладжэнне арганізацыі. Калі яна толькі стваралася, у яе склад ўваходзілі тыя нашыя сябры, зь якімі было пройдзена вельмі шмат, – ветэраны, людзі зь вялізным досьведам палітычнай барацьбы. А зараз зьяўляюцца новыя і маладыя, тыя, хто літаральна напярэдадні выбарчай кампаніі ўліліся ў шэрагі дэмакратычнай супольнасьці.
– Як ацэніце працу арганізацыі за 5 гадоў існаваньня?
– Ну, станоўчую ці адмоўную ацэнку павінны даць самі сябры арганізацыі. Таму што я старшыня, і, калі ацаню сваю працу адмоўна, павінен буду заўтра заявіць аб адстаўцы. Хоць я сапраўды вельмі доўга ўжо працую, і ў розных арганізацыях, і, можа быць, ёсць такая неабходнасьць саступіць месца каму-небудзь больш маладому і энэргічнаму...
і, можа быць, ёсць такая неабходнасьць саступіць месца каму-небудзь больш маладому і энэргічнаму...
–Падумваеце пра гэта?
– Я пра гэта думаю. Я пра гэта размаўляў са сваім кіраўніцтвам у Менску. Але, хутчэй за ўсё, на нашай канфэрэнцыі і на рэспубліканскай канфэрэнцыі, якая пройдзе 20 кастрычніка, гэтае пытаньне ставіцца ня будзе.
Вяртаючыся да ацэнкі дзейнасьці, скажу: я асабіста не на 100 адсоткаў задаволены сваёй працай і працай арганізацыі наогул. Таму што хацелася б бачыць больш актыўнасьці ад саміх сябраў і раённых структур. Дарэчы, рэгіянальныя структуры нашай арганізацыі ёсць у 11 раёнах Віцебскай вобласьці, у кожнай – ад 3 да 15 чалавек.
Зь іншага боку, я думаю, што мы ўсё ж такі выконваем сваю працу. І асабліва задаволены тым, што апошнія некалькі гадоў мы праводзім асьветніцкую і адукацыйную працу. І, што тычыцца далейшай дзейнасьці, дык заўтра і на рэспубліканскай канфэрэнцыі я буду казаць пра тое, што мы павінны засяродзіць сваю ўвагу на асьветніцкай і адукацыйнай працы сярод насельніцтва і людзей актыву. На працы ў Эўрапейскім клюбе, які існуе ўжо колькі год і пра які ведаюць амаль усе віцябляне. Нагадаю, што гэта дзецішча нашай арганізацыі. І два гады таму наш досьвед быў пераняты рэспубліканскай арганізацыяй, і ва ўсіх абласьцях адкрыліся Эўрапейскія клюбы.
– І што новага зьявіцца ў Эўрапейскім клюбе ў выніку?
– Мы павінны разьвіваць гэтыя клюбы, каб яны былі ў кожным буйным горадзе. Гэта сёньня месца сустрэчы. І на базе Эўрапейскіх клюбаў трэба ствараць Эўрапейскія школы кіраваньня.
Таму што мы ідзем ад выбараў да выбараў. У 2014 годзе зноў пойдзем на мясцовыя выбары. І, натуральна, «Рух«За свабоду» будзе ў іх актыўна ўдзельнічаць. Але мяне ўвесь час хвалюе: а хто будзе кіраваць краінай? Калі нашыя актывісты прыйдуць да ўлады – ці будуць яны гатовыя кіраваць краінай? Ці змогуць яны выкарыстоўваць гэтую ўладу гэтак, каб пасьпяхова правесьці тыя рэформы, пра якія мы ўвесь час кажам. Асабліва гэта тычыцца маладых і нявопытных. А іх трэба навучыць!
Бо кожная краіна, якая пераходзіць ад таталітарызму да дэмакратыі, сутыкаецца з гэтай праблемай. Няма кіраўнікоў. І цяпер нам трэба выкарыстаць гэты час – некалькі гадоў – для таго, каб падрыхтаваць будучых дэпутатаў, якія будуць прымаць законы, і чыноўнікаў, якія будуць гэтыя законы рэалізоўваць.
– Ці не хочаце вы стварыць альтэрнатыву акадэміі кіравання пры прэзідэнце?
– Абсалютна дакладна. У нас мае быць свая акадэмія! У Менску будуць рыхтаваць будучых міністраў, а мы тут павінны рыхтаваць дэпутатаў мясцовых саветаў і чыноўнікаў выканкамаў. Я лічу, што вось гэтым цяпер мы вельмі актыўна павінны заняцца.
–У якой форме гэта будзе праходзіць?
– Гэта мае быць нешта кшталту нядзельнай школы. А заяўку на вучобу можа падаць кожны, але будзе адбор. Калі мы пачнем сёлета ці на пачатку наступнага года – дык ужо пачнем працаваць з тымі, хто ў 2014 годзе будзе вылучацца дэпутатам у мясцовыя саветы... А то пакуль што мы толькі чуем: патрэбныя перамены, патрэбныя рэформы... Але рэформа – гэта рашэньне, якое прыме ворган улады, і чыноўнік, які будзе яго выконваць.
У свой час фонд Льва Сапегі актыўна займаўся такой дзейнасьцю. Мы навучалі дэпутатаў і чыноўнікаў асновам мясцовага самакіраваньня. Але потым гэта ўсё зьнікла, нашу арганізацыю ліквідавалі. І зараз да гэтага трэба вярнуцца.
– Адна з асноўных мэтаў «Руху» было прасоўваньне эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Ці зрабілася беларускае грамадзтва з дапамогай “Руху” больш эўрапейскім?
– Для таго, каб адказаць на гэтае пытаньне, патрэбны сур'ёзны маніторынг. Я б не сказаў, што народ наш прасунуўся наперад у пляне прыняцьця эўрапейскіх каштоўнасьцяў і ладу жыцьця. Хутчэй за ўсё, людзі прасунуліся ў пляне непрыманьня цяперашняй сытуацыі і цяперашняй формы праўленьня.
– З аптымізмам чакаеце канфэрэнцыі?
– Так. І наша праца на гэтых выбарах, і тое, як людзі зьбіраліся браць удзел у канфэрэнцыі, кажа пра тое, што сябры арганізацыі прагнуць дзейнасьці. Трэба зрабіць так, каб кожны сябра не адчуваў сябе вінцікам. Каб не было так: запісаўся, колькасьць даў – і ўсё. Я заўсёды спрабаваў будаваць сваю працу такім чынам, каб кожны адчуваў сябе актыўным сябрам. Каб адчуваў, што ён запатрабаваны, што пра яго памятаюць, у ім маюць патрэбу.