Былога палітвязьня Сяргея Каваленку сёньня выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Першамайскага раёну Віцебска і паставілі на прафілактычны ўлік.
На прафілактычным уліку Каваленка будзе знаходзіцца два гады – пакуль не пагасіцца судзімасьць.
Раз у тры месяцы ён павінен цяпер адзначацца ў той самай інспэкцыі, з “падачы” якой і была ўзбуджана крымінальная справа аб парушэньні рэжыму адбываньня так званай “хатняй хімі”, якую Сяргей Каваленка атрымаў за вывешваньне нацыянальнага сьцяга на навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску.
Жонка Сяргея Каваленкі Алена паведаміла “Дыялёгу”, што ў інспэкцыі запыталі таксама, з кім Сяргей мае зараз стасункі і ці ёсьць у яго на целе татуіроўкі. Сяргей адказаў, што ніякіх наколак у турме не рабіў.
“Пабачылі да болю знаёмыя твары… Не, не жартуйце, ніхто Сяргея з вызваленьнем не віншаваў. У іх да нашага прыходу раптам зьнікла сьвятло. А потым, калі мы ўжо выйшлі, Сяргей вярнуўся, каб нешта ўдакладніць – дык электрычнасьць ужо зьявілася. І хвіліны не прайшло…” – распавяла Алена Каваленка.
Сяргей Каваленка быў вызвалены з Магілёўскай калёніі 26 верасьня.