Па інфармацыі МНС, ад моцнага ветру пацярпелі дзесяць населеных пунктаў у шасьці раёнах Віцебскай вобласьці.
Вецер дасягаў хуткасьці 28 м/с. Па шкале Бафорта гэта ўзровень моцнага шторму.
На Віцебшчыне ён зьнёс дахі з шасьці прыватных дамоў. Быў таксама пашкоджаны металічны дах (300 квадратных мэтраў) Сафійскага сабору ў Полацку. Пра чалавечыя ахвяры не паведамляецца. На сафійцы зараз вядуцца аднаўленчыя працы.
А вось аднавіць яшчэ адзін прыродна-гістарычны помнік ужо ня ўдасца. Падчас шторму загінуў 300-гадовы дуб-патрыярх, які рос недалёка ад сядзібы Плятэраў у Опсе Браслаўскага раёна. Пра гэта паведаміла “Браслаўская звязда”.
Фота: Alexander Ostr
Апроч таго, падчас шторму ў Беларусі засталіся без электрычнасьці 1845 населеных пунктаў. На 7 кастрычніка без сьвятла былі яшчэ 215 населеных пунктаў на Віцебшчыне і Міншчыне.