Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска 19 верасьня прызнаў вінаватым Яўгена Гуцалава ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП) і пакараў яго 7 суткамі адміністратыўнага арышту.
Як паведаміў “Дыялёгу” віцебскі актывіст Пётар Іваноў, які прысутнічаў на паседжаньні, у судзе Яўген Гуцалаў прызнаў, што насамрэч браў удзел у несанкцыянаваным пікеце, але такім чынам хацеў выявіць свае погляды.
Калі судзьдзя Іна Грабоўская запытала, чаму ён праводзіў пікет “пад чужой маскай”, Яўген адказаў, што на ягоны погляд, гэта быў у дадзенай сытуацыі самы прыдатны вобраз. І ўдакладніў, што ні ў якім разе ня меў на мэце каго-небудзь абразіць.
Дарэчы, ў якасьці доказу міліцыянты прадставілі ў суд фотаздымкі пікетаваньня. На некаторых зь іх бачная татуіроўка на правай руцэ пікетоўца, па якой нібыта і быў ідэнтыфікаваны актывіст БХД.
Гуцалаў заявіў падчас судовага паседжаньня ўсяго адно хадайніцтва – каб да ўдзелу ў працэсе дапусьцілі адваката (Міхаіл Замалін). Хадайніцтва было задаволена.
Уладам будзе спакайней, калі назіральнік будзе сядзець у турэмнай камэры, а не на выбарчым участку
Артыкул 23.34 прадугледжвае пакараньне ў выглядзе грашовага штрафу (да 40 базавых велічынь), але судзьдзя Грабоўская, ўзяўшы пад увагу, што абвінавачаны пакуль нідзе не працуе, прыняла рашэньне пакараць актывіста арыштам на 7 сутак. Яўген Гуцалаў сёлета ўжо быў аштрафаваны той жа Грабоўскай на 2,4 млн. рублёў за распаўсюд улётак з заклікам да байкоту парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.
“Але Гуцалаў яшчэ і назіральнік на выбарчым участку, дзе ў першы дзень папярэдняга галасаваньня выявіў некаторыя парушэньні. Ня можа быць, каб судзьдзя Грабоўская ня ведала пра гэта. Уладам будзе спакайней, калі назіральнік будзе сядзець у турэмнай камеры, а не на ўчастку”, – мяркуе Пётар Іваноў.